Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/10/902312_589647/
Дата раздрукоўкі: 13.12.2019 14:42
10.05.2017 13:28 Эканоміка, Фінансы

ЕБРР прагназуе рэцэсію ў Беларусі ў 2017 годзе

Мінск, 10 мая. Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) прагназуе рэцэсію ў Беларусі ў 2017 годзе на ўзроўні 0,5%, гаворыцца ў майскім аглядзе рэгіянальнай эканомікі.
Раней ЕБРР прагназаваў рост ВУП у Беларусі ў 2017 годзе на 1%.

Як адзначаецца ў майскім аглядзе, у першым квартале 2017 года ВУП вырас на 0,3% у гадавым вылічэнні. Умеранасць росту заработнай платы і ў цэлым жорсткая грашова-крэдытная і бюджэтна-падатковая палітыка прывялі да зніжэння інфляцыі да 11,8% у 2016 годзе і далей — да 6,4% у гадавым вылічэнні ў сакавіку 2017-га. Гэта з`яўляецца самым нізкім узроўнем з сакавіка 2010 года.

З пачатку 2017 года Нацыянальны банк зніжаў стаўку рэфінансавання чатыры разы, з 18% у студзені да 14% у красавіку. Дэфіцыт наяўнага рахунку скараціўся з 6,6% ВУП ў 2014 годзе да 3,6% ВУП у 2016-м.

Разам з тым, як адзначае ЕБРР, міжнародныя рэзервовыя актывы Нацбанка Беларусі застаюцца на нізкім узроўні і пакрываюць прыкладна два месяцы імпарту.

Банкаўскі сектар працягвае сутыкацца з праблемамі. Па стане на 1 сакавіка 2017 года на долю праблемных крэдытаў прыпадала 13,3%. "У святле гэтых праблем мы прагназуем, што эканоміка Беларусі ў 2017 годзе скароціцца на 0,5% і вернецца да росту 1% у 2018 годзе", — гаворыцца ў аглядзе рэгіянальнай эканомікі.

Нагадаем, у красавіцкім аглядзе сусветнай эканомікі МВФ таксама прагназаваў захаванне рэцэсіі ў Беларусі. Паводле ацэнак фонду, беларускі ВУП у 2017 годзе скароціцца на 0,8%. Варта адзначыць, што падобнага прагнозу ў дачыненні да працягу рэцэсіі ў Беларусі прытрымліваецца і Сусветны банк, які мяркуе, што ВУП Беларусі ў 2017 годзе можа знізіцца на 1%.

Валавы ўнутраны прадукт Беларусі ў студзені—сакавіку 2017 года ўпершыню за апошнія два гады вырас на 0,3%. Афіцыйны прагноз беларускіх уладаў на гэты год прадугледжвае эканамічны рост на 1,7%.

У студзені і лютым 2017 года ВУП Беларусі знаходзіўся ў адмоўнай вобласці. Беларускі ўрад тлумачыў сітуацыю істотным скарачэннем паставак расійскай нафты.

У 2016 годзе валавы ўнутраны прадукт скараціўся на 2,6% у параўнанні з 2015 годам. Мінулы год стаў другім запар у гісторыі незалежнай Беларусі, калі ў краіне назіралася рэцэсія. У 2015 годзе валавы ўнутраны прадукт скараціўся на 3,8%.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН