Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/11/902438_902439/
Дата раздрукоўкі: 26.05.2019 22:04
11.05.2017 14:09 Эканоміка, Палітыка

Лукашэнка лічыць магчымым павялічыць тавараабарот Беларусі з Растоўскай вобласцю РФ да 500 млн долараў

Мінск, 11 мая. Аляксандр Лукашэнка лічыць магчымым павялічыць тавараабарот паміж Беларуссю і Растоўскай вобласцю Расіі амаль у паўтара разу — да 500 млн долараў. Пра гэта ён заявіў 11 мая ў Мінску на сустрэчы з губернатарам Растоўскай вобласці Васілём Голубевым, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

Паводле слоў Лукашэнкі, узаемны гандаль Беларусі і Растоўскай вобласці па выніках 2016 года вырас амаль на 20%, дасягнуўшы 340 млн долараў.

Ён лічыць, што павялічыць гэты эканамічны паказчык можна ў тым ліку актывізаваўшы супрацоўніцтва ў аграрнай сферы. Лукашэнка нагадаў суразмоўцу, што Беларусь мае "пэўны практычны вопыт у жывёлагадоўлі, раслінаводстве, вырошчванні збожжавых, агароднінных культур, у краіне задзейнічаны сусветны вопыт па будаўніцтве і мадэрнізацыі ферм пад малочнатаварныя комплексы".

Перспектыўным кіраўніку дзяржавы ўяўляецца супрацоўніцтва ў будаўнічай сферы, у тым ліку ў сферы дарожнага будаўніцтва. Ён адзначыў, што ў шматлікіх рэгіёнах Расіі "добра зарэкамендавала сябе" беларускае прадпрыемства "Белгіпрадар".

"Калі ў гэтым плане будзе цікавасць, мы гатовыя працаваць у Растоўскай вобласці. Мы можам таксама аказваць вам паслугі дарожна-будаўнічай тэхнікі, па праектаванні і будаўніцтве дарог у розным выкананні", — сказаў Лукашэнка. Паводле яго слоў, Беларусь таксама "гатова прапанаваць аўтобусы МАЗ для падрыхтоўкі Растова-на-Доне да правядзення чэмпіянату свету па футболе 2018 года".

"З улікам прамысловага і інавацыйнага патэнцыялу Беларусі і Растоўскай вобласці нам варта прапрацаваць варыянты актывізацыі наяўных вытворча-кааперацыйных сувязяў. <...> Нашы магчымасці вы ведаеце. Вы для нас не чужыя людзі", — падсумаваў кіраўнік дзяржавы.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН