Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/11/902455_902456/
Дата раздрукоўкі: 26.05.2019 10:56
11.05.2017 16:09 Эканоміка

Лукашэнка пра гандаль з Расіяй: Ціснуць адзін аднаго не трэба

Мінск, 11 мая. Беларускім і расійскім прадпрыемствам трэба не канкурыраваць, а дзейнічаць на агульным рынку як партнёры заявіў Аляксандр Лукашэнка 11 мая ў Мінску на сустрэчы з губернатарам Растоўскай вобласці Расіі Васілём Голубевым.

"Калі мы вырабляем камбайны ў Гомелі і "Растсельмаш" вырабляе, трэба разумець, што мы павінны як партнёры дамовіцца. Гэта наш агульны рынак. Ціснуць адзін аднаго не трэба, — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта. — Калі "Растсельмаш" не бачыць магчымасці дамовіцца, што нам застаецца рабіць... Канкурыраваць не толькі на нашых рынках, але і за іх межамі".

Ён прывёў прыклад МАЗа і КамАЗа, кожны з якіх цяпер адчувае пэўныя цяжкасці. "Вось да чаго прывяла гэтая канкурэнцыя, — падкрэсліў Лукашэнка. — Таму мы за тое, каб па-партнёрску сябе паводзіць, дамаўляцца. Мы можам дамовіцца, і мы да гэтага гатовыя".

На сустрэчы было адзначана, што цяпер рыхтуецца праграма сумеснай кааперацыі прадпрыемстваў "Гомсельмаш" і "Растсельмаш", якая павінна быць прадстаўлена прыкладна праз месяц. "Так, трэба ў гэтым кірунку рухацца. Чаго ваяваць адзін з адным? Рынак велізарны. І нам трэба сваё не страціць", — адзначыў Лукашэнка.

Ён таксама пацвердзіў гатоўнасць Беларусі абмяркоўваць аднаўленне супрацоўніцтва з расійскімі партнёрамі ў калійнай сферы. Лукашэнка нагадаў, што ў свой час такое супрацоўніцтва развалілася не па віне беларускага боку, але сёння паступаюць прапановы яго аднавіць. "Давайце, я не супраць, — сказаў Лукашэнка. — Толькі не трэба выстаўляць тыя ўмовы, якія мы не можам прыняць. Мы гатовыя да ўсяго. І да канкурэнцыі, і да вядзення бізнесу па-чалавечы. Нават не па-партнёрску, а па-брацку. Мы дагавораздольныя людзі. Але толькі на шчырай, сумленнай і прынцыповай аснове. Гэта вельмі важна".

Лукашэнка патлумачыў сваю рэзкую рэакцыю на праблемы з пастаўкамі ў Расію беларускага харчавання. "Справа не ў эмоцыях, а ў тым, што гэта нам вельмі дорага каштавала. Калі ў нас адзіны рынак, то давайце не будзем адзін аднаму падножкі ставіць", — адзначыў ён.

Паводле яго слоў, Беларусь вельмі актыўна працуе з Расіяй па пастаўках сельгаспрадукцыі і харчовых тавараў, устаноўлены прамыя сувязі з сеткамі. "Праблемы бываюць часам. У асноўным яны штучна ствараліся, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Таму што калі мы з прэзідэнтам Расіі сустрэліся, так па-мужчынску дамовіліся — давайце ўсё ж такі на гэтую праблему паглядзім пад вуглом гледжання Аляксандра Сурыкава (пасол Расіі ў Беларусі. — БелаПАН.). А ён правільна кажа: калі мы хочам нешта тут пераадолець, давайце разам будзем глядзець на ўсё, што рухаецца праз мяжу. І калі мы пачалі ў гэтым плане кантраляваць сітуацыю, яна імгненна змянілася. Яна проста знікла. Дай бог, каб назаўсёды".

Лукашэнка падкрэсліў, што ў беларускіх прадпрыемстваў па вытворчасці і перапрацоўцы сельгаспрадукцыі вельмі высокі ўзровень. "Калі было нам вельмі цяжка, калі наогул па талонах раздавалі прадукты харчавання, мы тады па два-тры рублі адкладалі і мадэрнізавалі гэтыя прадпрыемствы. Яны нам праз пот і кроў дасталіся. І калі нас сёння папракаюць, ведаеце, па якіх прычынах, што ў нас прадукты харчавання не тыя, то гэта ўжо занадта", — заявіў Лукашэнка.

Ён адзначыў, што Беларусь — адзіная з усіх краін постсавецкай прасторы, якая захавала Дасты і нават іх зрабіла больш жорсткімі. "Сёння ў нас з прадпрыемства, фермы, комплексу не выйдзе дрэнная прадукцыя, таму што там яе адразу правераць і адбракуюць", — сказаў Лукашэнка.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН