Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/11/902483_902484/
Дата раздрукоўкі: 26.02.2020 16:44
11.05.2017 16:43 Эканоміка, Фінансы

Інфляцыя ў Беларусі ў красавіку паскорылася да 0,7%

Мінск, 11 мая. Паводле звестак Белстата, у красавіку 2017 года індэкс спажывецкіх цэн у дачыненні да сакавіка вырас на 0,7%, у параўнанні са снежнем 2016 года — на 2,4%.

У студзені цэны выраслі на 0,9%, лютым — на 0,5%, сакавіку — на 0,3%.

Цэны на харчовыя тавары ў красавіку ў параўнанні з сакавіком выраслі ў сярэднім на 0,8% (з пачатку года — на 2,3%). Нехарчовыя тавары падаражэлі на 0,2% (1,4%), паслугі — на 1% (4,1%).

Афіцыйны прагноз уладаў прадугледжвае інфляцыю ў 2017 годзе ў межах 9%. За 2016 год інфляцыя склала 10,6% пры прагнозе 12%. За 2015 год гэты паказчык склаў 12% пры аналагічным афіцыйным прагнозе. За апошнія 10 гадоў мінімальны ўзровень інфляцыі назіраўся ў 2006 годзе — 6,6%, максімальны — у 2011-м — 108,7%.

На думку аналітыкаў Еўразійскага банка развіцця, павышэнне тарыфаў на паслугі жыллёва-камунальнай гаспадаркі і павышаныя інфляцыйныя чаканні будуць асноўнымі крыніцамі інфляцыйнага націску ў Беларусі на пачатку 2017 года. "Аднак, як паказаў 2016 год, правядзенне збалансаванай грашова-крэдытнай палітыкі пры адсутнасці знешніх шокаў здольна нейтралізаваць такія інфляцыйныя ўсплёскі і ўтрымаць інфляцыйную дынаміку ў рамках мэтавага арыенціру Нацыянальнага банка Беларусі", — лічаць аналітыкі. Яны прагназуюць да снежня 2017 года інфляцыю на ўзроўні 9,3% у дачыненні да снежня папярэдняга года з наступным зніжэннем да 7% у 2018 годзе і да 6% — у 2019-м.

Паводле прагнозу аналітыкаў кампаніі Sberbank CIB — інвестыцыйнага падраздзялення расійскага "Ашчадбанка", сёлета інфляцыя ў Беларусі можа істотна замарудзіцца ў параўнанні з 2016-м. "У 2017 годзе ўнутранае спажыванне насельніцтва застанецца пад націскам на фоне скарачэння рэальных даходаў, што перашкодзіць росту інфляцыі да двухзначнага ўзроўню. Мы чакаем, што ў гэтым годзе інфляцыя ў Беларусі замарудзіцца да менш як 7%", — адзначаюць эксперты Sberbank CIB.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН