Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/12/902552_456987/
Дата раздрукоўкі: 02.10.2020 02:26
12.05.2017 09:09 Культура

Беларускі дуэт NaviBand выйшаў у фінал "Еўрабачання-2017"

фота: euroline.by
Мінск, 12 мая. Беларускі дуэт NaviBand выйшаў у фінал міжнароднага конкурсу песні "Еўрабачанне-2017" у Кіеве.
Ксенія Жук і Арцём Лук'яненка выступілі 11 мая ў другім паўфінале з беларускамоўнай кампазіцыяй "Гісторыя майго жыцця". Згодна з лёсаваннем на сцэну яны выйшлі 14-мі сярод 18 удзельнікаў паўфіналу.

У фінал, які адбудзецца 13 мая, прайшлі таксама Аўстрыя, Балгарыя, Венгрыя, Данія, Ізраіль, Нідэрланды, Нарвегія, Румынія і Харватыя. За бортам засталіся Ірландыя, Літва, Македонія, Мальта, Сан-Марына, Сербія, Швейцарыя і Эстонія. Ачкі, набраныя канкурсантамі ў паўфінале, паводле традыцыі будуць апублікаваныя пасля фіналу.

Пераможцамі першага паўфіналу (9 мая) сталі Азербайджан, Арменія, Аўстралія, Бельгія, Грэцыя, Кіпр, Малдова, Партугалія, Польшча і Швецыя. Не трапілі ў фінал Албанія, Грузія, Ісландыя, Латвія, Славенія, Фінляндыя, Чарнагорыя і Чэхія.

Ад паўфіналу былі вызваленыя Украіна (пераможца "Еўрабачання-2016", арганізатар "Еўрабачання-2017"), Вялікабрытанія, Германія, Іспанія, Італія і Францыя (заснавальнікі конкурсу). Усяго ў конкурсе ўдзельнічаюць 42 краіны.

Беларусь бярэ ўдзел у "Еўрабачанні" з 2004 года. У фінал яе прадстаўнікі выходзілі ў 2007 (Дзмітрый Калдун), 2010 (гурт "3+2"), 2013 (Алёна Ланская) і 2014 (Тэа) гадах. Найлепшым стаў вынік Калдуна (шостае месца).
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239