Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/12/902560_589647/
Дата раздрукоўкі: 20.02.2020 05:45
12.05.2017 09:50 Палітыка, Эканоміка

Лукашэнка 13—16 мая ажыццявіць рабочы візіт у Кітай

Мінск, 12 мая. Аляксандр Лукашэнка 13—16 мая ажыццявіць рабочы візіт у Кітайскую Народную Рэспубліку

Як паведаміла прэс-служба прэзідэнта, у Пекіне Лукашэнка возьме ўдзел у форуме міжнароднага супрацоўніцтва "Адзін пояс і адзін шлях", падчас якога "выкладзе прапановы беларускага боку аб паглыбленні і пашырэнні супрацоўніцтва на Еўразійскім кантыненце з акцэнтам на сумесным мірным узаемавыгадным развіцці".

"Чакаецца, што на палях міжнароднага форуму прэзідэнт Беларусі правядзе шэраг двухбаковых сустрэч і перамоў з замежнымі лідарамі", — гаворыцца ў паведамленні.

Запланаваная таксама двухбаковая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам, на якой "плануецца абмеркаваць далейшае практычнае напаўненне новага этапу беларуска-кітайскіх адносін — давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва". Бакі разгледзяць перспектыўныя напрамкі ўзаемадзеяння ў розных сферах, рэалізацыю найбольш буйных і знакавых сумесных праектаў.

Міжнародны эканамічны форум "Адзін пояс і адзін шлях", які адбудзецца ў Пекіне 14—15 мая, будзе прысвечаны праблемам рэгіянальнай інтэграцыі і ўзаемадзеяння краін Азіі. Удзел у мерапрыемстве возьмуць прадстаўнікі вышэйшага кіраўніцтва 28 дзяржаў.

4 мая на сустрэчы з прадстаўнікамі кітайскіх СМІ Лукашэнка казаў пра візіт у Кітай і сустрэчу з Сі Цзіньпінам. "Мы абмяркуем не толькі актуальныя пытанні міжнароднага парадку дня, але ў першую чаргу тэмы, важныя для прасоўвання нашага двухбаковага ўзаемадзеяння ў гандлёва-эканамічнай, інвестыцыйнай, фінансавай і гуманітарнай сферах", — паведаміў Лукашэнка.

Ён дадаў, што арганізаваць такі маштабны саміт няпроста, бо ў ім возьмуць удзел лідары многіх краін. "На форуме будуць разглядацца глабальныя пытанні, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Па сутнасці, сама ініцыятыва "Адзін пояс і адзін шлях" з'яўляецца гістарычнай і перакройвае эканамічную карту свету, ствараючы новыя пункты росту сусветнай эканомікі".

Кажучы аб сустрэчы са старшынёй КНР, ён адзначыў: "Калі праводзіш такія мерапрыемствы, заўсёды цяжка, і занятасць вельмі высокая. Але з тых прадстаўнікоў кіраўнікоў дзяржаў, якія прыбудуць у Кітай, ён будзе сустракацца з прэзідэнтам Беларусі. Гэта сведчыць пра нашы адносіны з вашым старшынёй і адносіны паміж Беларуссю і Кітайскай Народнай Рэспублікай".
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН