Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/12/902611_558963/
Дата раздрукоўкі: 17.10.2019 08:16
12.05.2017 13:31 Эканоміка, Грамадства

Лукашэнка заяўляе пра неабходнасць развіцця буйных рэгіянальных цэнтраў

Мінск, 12 мая. Аляксандр Лукашэнка заявіў пра неабходнасць развіцця буйных рэгіянальных цэнтраў, такіх як Орша, Бабруйск, Барысаў, Баранавічы. Гэтая тэма была паднятая 12 мая падчас кадравых прызначэнняў, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

У частцы развіцця Аршанскага раёна, адзначаецца ў паведамленні, Лукашэнка ўжо даў адпаведныя даручэнні, і найбліжэйшым часам гэтыя пытанні будуць разглядацца на выязной урадавай нарадзе.

Лукашэнка назваў гэтыя і падобныя ім па значнасці беларускія гарады з тэрыторыямі вакол іх рэгіёнамі, падкрэсліўшы тым самым важнасць комплекснага развіцця гэтых тэрыторый як з пункта гледжання вытворчай сферы, так і вырашэння сацыяльных пытанняў, адзначае прэс-служба.

"Гэтыя рэгіёны — чарговая эпапея, якую мы пачынаем. І мы павінны вельмі хутка вырашыць гэтыя праблемы. Патрэбны жалезны парадак. Размовы скончаныя. Спасылак на тое, што чагосьці там не хапіла, быць не павінна. Вы сёння выходзіце і ад імя прэзідэнта ажыццяўляеце тую палітыку, пра якую я так шмат кажу. Вы ведаеце, што там трэба рабіць", — сказаў Лукашэнка новым кіраўнікам мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў.

Асобна Лукашэнка закрануў пытанні ідэалогіі. Ён падкрэсліў, што праца ў гэтай сферы не павінна зводзіцца толькі да таго, каб куды-небудзь прыйсці і прачытаць лекцыю. "Самая вялікая ідэалогія — гэта там, дзе ўздымаецца дух людзей, дух народа. Я зараз маю на ўвазе не звычайныя грамадскія масавыя мерапрыемствы, а спартыўныя", — сказаў ён.

У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што культурна-спартыўныя комплексы, пабудаваныя ў розных гарадах, у тым ліку ў Оршы, часам не ў поўнай меры задзейнічаныя. На іх базе няма спартыўных каманд. Пры гэтым у краіне ёсць перспектыўныя трэнерскія кадры, якія гатовыя ў рэгіёнах займацца развіццём тых ці іншых відаў спорту. "Трэба гэтых хлопцаў запрашаць, забяспечыць жыллём. Там, дзе ёсць гэтыя каткі, трэба ствараць школы і каманды — асноўная, дублявальны склад, школа для дзяцей і масавае катанне. Гэтыя аб'екты не павінны пуставаць", — сказаў Лукашэнка.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН