Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/12/902618_123456/
Дата раздрукоўкі: 19.10.2019 12:20
12.05.2017 13:41 Грамадства

У Аршанскім раёне затрыманы лідар злачыннай групы, якая выкрадала на тэрыторыі Расіі тавары з аўтацягнікоў

Мінск, 12 мая. На падставе аператыўнай інфармацыі 11 мая супрацоўнікі 7-га ўпраўлення (па Віцебскай вобласці) галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Беларусі пры сілавой падтрымцы АМАП УУС Віцебскага аблвыканкама затрымалі ў Аршанскім раёне 34-гадовага раней судзімага мужчыну.

Як паведамляецца на сайце УУС, дома ў затрыманага канфіскаваныя два пісталеты з патронамі, порах, патроны, цеплавізар, дзве радыёстанцыі з зараднымі прыладамі, грошы, у тым ліку ў замежнай валюце.

Паводле наяўнай інфармацыі, затрыманы з'яўляецца лідарам адной са злачынных груп, якая складаецца з жыхароў Аршанскага рэгіёна і замешаная ва ўчыненні злачынстваў маёмаснай накіраванасці на тэрыторыі сумежных абласцей Расіі, у тым ліку ў крадзяжах грузаў з аўтацягнікоў.

Падазраваны змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання. Канфіскаваныя зброя і боепрыпасы пройдуць неабходныя крыміналістычныя экспертызы.

Ёсць інфармацыя, што затрыманы карыстаўся падтрымкай аднаго з так званых крымінальных аўтарытэтаў Віцебска, які спрабаваў выступаць трацейскім суддзёй у вырашэнні канфліктаў паміж злачыннымі групамі. Апошні быў затрыманы ў сакавіку на тэрыторыі Смаленскай вобласці за серыю крадзяжоў, учыненых у 2014—2015 гадах. Затрыманне праведзена сумеснымі сіламі супрацоўнікаў 7-га ўпраўлення ГУБАЗіК МУС і крымінальнага вышуку Смаленскай вобласці.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН