Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/12/eu_eu_902599_258963/
Дата раздрукоўкі: 22.02.2020 12:30
12.05.2017 13:12 Палітыка, Беларусь — Eўрасаюз

Міністэрская сустрэча Усходняга партнёрства адбудзецца 19 чэрвеня ў Люксембургу

Мінск, 12 мая. Сустрэча міністраў замежных спраў краін Еўрасаюза і Усходняга партнёрства адбудзецца 19 чэрвеня ў Люксембургу.

Падрыхтоўка да яе будзе абмяркоўвацца 15 мая на перамовах кіраўнікоў МЗС краін ЕС у Бруселі, паведамляе прэс-служба Савета Еўрасаюза. Міністры таксама разгледзяць далейшыя падыходы і ключавыя элементы развіцця ініцыятывы "Усходняга партнёрства". Гэтыя прапановы плануецца падаць на саміце Усходняга партнёрства, які пройдзе 24 лістапада ў Бруселі.

Апошняя сустрэча кіраўнікоў МЗС краін Усходняга партнёрства адбылася 12 красавіка ў Варшаве. У ёй таксама ўзялі ўдзел міністры замежных спраў Вышаградскай групы (Польшча, Чэхія, Славакія, Венгрыя). Кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства Уладзімір Макей у выступе на пленарным пасяджэнні падкрэсліў неабходнасць больш цеснага ўзаемадзеяння краін Усходняга партнёрства і Вышаградскай групы ў транспартнай сферы, у тым ліку праз рэалізацыю ідэі "сумяшчальнасці" ў рэгіёне Усходняга партнёрства і правядзенне тэматычных мерапрыемстваў у гэтай галіне. Ён звярнуў увагу на важнасць прыцягнення рэсурсаў міжнародных фінансавых інстытутаў для рэалізацыі перспектыўных інфраструктурных праектаў у рэгіёне.

Усходняе партнёрства — ініцыятыва ЕС, закліканая развіваць інтэграцыйныя сувязі Еўрасаюза з Азербайджанам, Арменіяй, Беларуссю, Грузіяй, Малдовай і Украінай. Беларусь у ёй удзельнічае толькі на ўзроўні шматбаковага супрацоўніцтва. З-за праблем з правамі чалавека і замарозкай адносін з ЕС у папярэднія гады Беларусь не ўдзельнічала ў рэалізацыі двухбаковых праектаў у межах Усходняга партнёрства.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН