Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/15/902900_102569/
Дата раздрукоўкі: 02.10.2020 01:29
15.05.2017 14:48 Палітыка, Грамадства

Кампанія BY_help сабрала больш за 55 тыс. долараў для дапамогі затрыманым за акцыі пратэсту і паводле падазрэння ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў

Мінск, 15 мая. Кампанія BY_help за два месяцы сабрала больш за 55 тыс. долараў ЗША для дапамогі затрыманым у Беларусі за акцыі пратэсту і паводле падазрэння ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, паведамляецца на старонцы кампаніі ў сацыяльнай сетцы "Фэйсбук".

"Гэта не значыць, што кампанія завершаная, мы працягваем дапамагаць рэпрэсаваным падчас Вясны-2017, але асноўная частка грашовых пералічэнняў скончылася і таму мы можам падвесці вынік збору сродкаў. Зараз асноўная ўвага будзе засяроджаная на адраснай дапамозе сем'ям арыштаваных па справе "аб масавых беспарадках", усе, хто звяртаюцца да нас як па падтрымку, так і з прапановамі дапамагчы, будуць звязвацца намі наўпрост", — гаворыцца ў паведамленні.

Кампанія BY_help дапамагла больш як 200 удзельнікам акцый, асуджаным на розныя тэрміны адміністрацыйнага арышту (аплата ІЧУ, адвакаты, перадачы), на агульную суму 18 тыс. 160 долараў, у выплаце адміністрацыйных штрафаў — на 11 тыс. 590 долараў. Яшчэ 9 тыс. 840 долараў выдаткавана на адвакатаў для арыштаваных па справе "Белага легіёну". Дзесяць тысяч 550 долараў перададзена сем'ям арыштаваных па гэтай крымінальнай справе на аплату жылля і перадачы.

Найбліжэйшым часам на падтрымку сем'яў ініцыятыва BY_help перадасць яшчэ 2 тыс. долараў.

Адзначаецца, што прыблізна 5 тыс. долараў тыя, хто жадаў дапамагчы, перадалі сем'ям арыштаваных наўпрост, таму яны не ўлічваюцца ў справаздачы.

"Рэшта сумы — прыблізна 2,7 тыс. долараў — складзе аператыўны рэзерв кампаніі для экстраннай дапамозе рэпрэсаваным", — гаворыцца ў паведамленні.

Ініцыятарамі кампанія BY_help выступілі гомельскі актывіст прафсаюза РЭП Андрэй Стрыжак, дырэктар крэатыўнай прасторы "ЦЭХ" Юлія Дарашкевіч і медыякансультант Ляксей Лявончык.

У межах распачатай КДБ крымінальнай справы па факце падрыхтоўкі да ўдзелу ў масавых беспарадках затрымана 26 чалавек, праведзеныя дзясяткі вобыскаў.

Згодна са звесткамі беларускіх праваабаронцаў, у сакавіку за ўдзел у акцыях пратэсту з рознымі формамі рэпрэсій сутыкнуліся больш за 900 чалавек, з іх былі арыштаваныя больш за 100.

25 сакавіка ў Мінску прайшла традыцыйная апазіцыйная акцыя з нагоды Дня Волі, якая была жорстка разагнаная шматлікімі сіламі міліцыі і спецназа, адзначаецца на сайце spring96.org. Прыблізна 700 чалавек былі затрыманыя, 149 з іх былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239