Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/15/902922_225588/
Дата раздрукоўкі: 24.06.2018 17:54
15.05.2017 16:29 Грамадства

МУС пачало праверку па справе аб жорсткім абыходжанні з ваўком ў Хойніцкім раёне

Мінск, 15 мая. Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі пачало праверку па справе аб жорсткім абыходжанні з ваўком ў Хойніцкім раёне (Гомельская вобласць), паведамляе экалагічнае таварыства "Зялёная сетка".

Падставай для разгляду паслужыў рэпартаж з фотаздымкамі, апублікаваны на сайце агенцтва Reuters, — паляўнічыя душылі тросам злоўленага ў пастку ваўка. У сярэдзіне лютага 2017 года матэрыял апублікавалі на шэрагу рэсурсаў, у каментарах пад ім і ў сацсетках людзі абураліся жорсткім абыходжаннем з жывёлінай.

Як раней паведамляў БелаПАН, у сакавіку на сайце change.org абаронцы жывёл пачалі збіраць подпісы пад петыцыяй "Не пасткам!". Таксама аўтары петыцыі — грамадскія арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны" і "Багна", таварыства "Зялёная сетка", эколага-культурная асветніцкая ўстанова "Цэнтр этычнага стаўлення да прыроды" — звярнуліся ў МУС з просьбай разгледзець факты жорсткага абыходжання з жывёламі (ваўком) і прыцягнуць вінаватых да адказнасці.

Як паведамляе "Зялёная сетка", у лісце ад 28 красавіка Хойніцкі РАУС інфармуе, што паводле заявы "праводзіцца праверка", пасля чаго будзе разгледжанае пытанне аб прыцягненні паляўнічых да адказнасці.

Абаронцы жывёл звяртаюць увагу, што ў большасці краін Еўропы пасткі забароненыя з 1982 года, калі ўвайшла ў сілу Бернская канвенцыя аб ахове дзікай фаўны і флоры і прыроднага асяроддзя пражывання ў Еўропе. Беларусь нядаўна далучылася да гэтай канвенцыі з агаворкай пакінуць за сабой права выкарыстоўваць пасткі.

Такі спосаб забойства жывёл вельмі балючы і негуманны, адзначаюць актывісты: "Жывёліны, што трапілі ў пастку, адчуваюць боль, іх пакуты могуць доўжыцца днямі, пакуль не прыйдзе паляўнічы. Часам, каб выратавацца, яны адгрызаюць сабе лапы". Акрамя таго, некаторыя паляўнічыя, шкадуючы патроны, дабіваюць жывёл жорсткімі і негуманнымі спосабамі, парушаючы нормы міжнароднага і нацыянальнага заканадаўства.

У адказ на абвешчаны Мінлясгасам збор прапаноў у правілы вядзення паляўнічай дзейнасці 10 мая абаронцы жывёл перадалі ў міністэрства электронную петыцыю з 14.401 подпісам і калектыўны зварот з прапановай выключыць пасткі са спіса дазволеных прылад палявання і рэгулявання колькасці дзікіх жывёл.
Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН