Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/16/903022_12345/
Дата раздрукоўкі: 17.11.2018 13:55
16.05.2017 09:37 Палітыка

Лукашэнка пра выступленне Цзіньпіна: Я за 20 з лішнім гадоў працы прэзідэнтам такога не бачыў

Мінск, 16 мая. "Самым яскравым і самым моцным" назваў уступнае слова старшыні КНР Сі Цзіньпіна на форуме ў Пекіне "Адзін пояс і адзін шлях" Аляксандр Лукашэнка. Пра гэта ён заявіў 16 мая на сустрэчы з Сі Цзіньпінам ва ўрадавай рэзідэнцыі "Дзяаюйтай".

"Перш за ўсё хачу зазначыць, што тое маштабнае мерапрыемства, якое вы правялі, заслугоўвае самай сур'ёзнай увагі. Гэтае мерапрыемства ўжо абмяркоўваецца ва ўсім свеце. Думаю, што ўсё яшчэ наперадзе. Гэта вельмі магутны крок, які вы змаглі зрабіць, і самае галоўнае — прыцягнуць да гэтага больш за 100 краін нашай планеты. Мы ганарымся тым, што былі першымі ў Еўропе і аднымі з першых у свеце, якія не проста падтрымалі ідэю "Аднаго пояса і аднаго шляху", а распачалі рэалізацыю гэтага маштабнага праекта на тэрыторыі Беларусі", — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта Беларусі.

"Самым яскравым і самым моцным (я за 20 з лішнім гадоў працы прэзідэнтам такога не бачыў) было вашае ўступнае слова. Мы ўзялі гэта выступленне і прааналізуем яго дома. Гэта навука для любога кіраўніка дзяржавы. Гэта быў маштабны і вельмі канкрэтны выступ. Кажу не для ліслівасці. Гэта сапраўды меркаванне не толькі маё", — заявіў беларускі афіцыйны лідар.

Паводле яго слоў, ён абмяркоўваў правядзенне форуму з прадстаўнікамі многіх краін. Лукашэнка таксама адзначыў цікавую форму правядзення мерапрыемства і яго маштабнасць, яркую праграму для ўдзельнікаў і магчымасць правесці двухбаковыя перамовы. "Ніхто тут час дарма не губляў", — заявіў ён.

"Вы сапраўды дарагі сябар нашай Беларусі. Напэўна, ужо няма ў Беларусі таго чалавека, які не ведае пра нашы адносіны, пра нашыя перспектывы, пра вас як пра старшыню гэтай вялікай краіны", — сказаў Лукашэнка кіраўніку КНР.

Ён звярнуў увагу, што рады чарговай сустрэчы, кожная з якіх "па-свойму асаблівая". Дадатковую ўрачыстасць ёй надае той факт, што яна праводзіцца ў год 25-годдзя ўсталявання дыпламатычных адносін паміж краінамі, заявіў Лукашэнка.

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта Беларусі, упершыню Лукашэнка прыехаў у Кітай у якасці кіраўніка дзяржавы ў 1995 годзе, а цяперашні яго візіт у гэтую краіну стаў дзясятым.

У сваю чаргу старшыня КНР адзначыў, што Беларусь і Кітай дамагліся значных вынікаў у развіцці двухбаковага супрацоўніцтва і заўсёды дасягаюць кансэнсусу па прынцыповых пытаннях. "Я ўпэўнены ў добрай будучыні нашых адносін", — заявіў ён.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН