Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/16/903028_12345/
Дата раздрукоўкі: 11.12.2019 23:36
16.05.2017 10:45 Палітыка

Беларусь і Кітай створаць сумесную рабочую групу па барацьбе з каляровымі рэвалюцыямі і супрацьдзеянні міжнароднаму тэрарызму

Мінск, 16 мая. Беларусь і Кітай створаць сумесную рабочую групу па барацьбе з каляровымі рэвалюцыямі і супрацьдзеянні міжнароднаму тэрарызму, унутранаму сепаратызму і рэлігійнаму экстрэмізму, паведаміў Аляксандр Лукашэнка 16 мая на сустрэчы са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам ва ўрадавай рэзідэнцыі "Дзяаюйтай".

Паводле яго слоў, Беларусь усяляк падтрымлівае рашучасць Кітая браць на сябе абавязацельства абараняць мір ва ўсім свеце. "Прыкладам гэтаму з'яўляюцца ўзаемаадносіны нашых краін у галіне забеспячэння бяспекі, ваеннай сферы і па лініі спецыяльных службаў. Стварэнне сумеснай пастаянна дзейнай рабочай групы па барацьбе з каляровымі рэвалюцыямі і супрацьдзеянні міжнароднаму тэрарызму, унутранаму сепаратызму і рэлігійнаму экстрэмізму надасць новы імпульс ўзаемадзеянню ў гэтых сферах", — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

Ён адзначыў, што Беларусь таксама зацікаўленая ў далейшым пашырэнні ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, у тым ліку рэалізацыі праектаў па мадэрнізацыі рэактыўнай сістэмы залпавага агню "Паланэз", распрацоўцы сучасных узораў узбраення, ваеннай тэхнікі і іншай экспартна арыентаванай прадукцыі ваеннага і двайнога прызначэння.

Акрамя таго, адзначыў беларускі кіраўнік, сёння Дзяржаўны сакратарыят Савета бяспекі Беларусі і Міністэрства грамадскай бяспекі Кітая выходзяць на падпісанне новых пагадненняў, якія будуць спрыяць наладжванню больш цесных кантактаў па такіх важных кірунках, як следчая і экспертная праца, узгодненая міграцыйная палітыка.

"Нашае ўзаемадзеянне ў галіне бяспекі ў поўнай меры адлюстроўвае ўзровень давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва", — падкрэсліў Лукашэнка.

Таксама падчас сустрэчы дасягнутая дамоўленасць аб тым, што Кітай працягне аказваць Беларусі дапамогу па будаўніцтве сацыяльнага жылля. Гэта замацавана ў міжурадавым пагадненні аб тэхніка-эканамічнай дапамозе, падпісаным у прысутнасці лідараў дзвюх краін. Па выніках перамоў кіраўнікоў дзяржаў таксама заключана міжурадавае пагадненне аб развіцці міжнародных грузавых перавозак і супрацоўніцтве ў рэалізацыі канцэпцыі будаўніцтва эканамічнага пояса Шаўковага шляху.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН