Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/16/903075_478569/
Дата раздрукоўкі: 18.08.2018 11:20
16.05.2017 14:12 Эканоміка

Мінск і Пекін абмяркуюць магчымасць будаўніцтва высакахуткаснай чыгункі цераз усю Беларусь

Мінск, 16 мая. Беларуская дэлегацыя на сустрэчы з кіраўніцтвам Кітайскай чыгуначнай будаўнічай карпарацыі (CRCC) 15 мая ў Пекіне абмеркавала магчымасць будаўніцтва пры ўдзеле Кітая высакахуткаснай чыгункі, якая б пралегла ад мяжы Еўрасаюза да мяжы Расіі цераз Мінск, паведамляе прэс-служба Мінэканомікі.

З беларускага боку ў перамовах удзельнічалі прадстаўнікі Міністэрства эканомікі, Міністэрства транспарту і камунікацый, Дзяржаўнага мытнага камітэта, Дзяржкамітэта па навуцы і тэхналогіях, беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку "Вялікі камень". З кітайскага боку акрамя кіраўніцтва CRCC на сустрэчы прысутнічала адміністрацыя кампаніі ZTE Corporation.

Тэму магчымага будаўніцтва высакахуткаснай чыгункі бакі закранулі ў кантэксце перспектыўных напрамкаў супрацоўніцтва Беларусі з CRCC нароўні з удзелам карпарацыі ў далейшым стварэнні інфраструктуры і аб'ектаў парку "Вялікі камень", а таксама будаўніцтве трэцяй лініі метрапалітэна ў Мінску.

Дэталёвае абмеркаванне перспектыў і ўмоў рэалізацыі сумесных праектаў вырашана працягнуць у чэрвені падчас візіту прадстаўнікоў кітайскіх кампаній у Беларусь і перамоў з зацікаўленымі ведамствамі і арганізацыямі.

Міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі на сустрэчы адзначыў, што Беларусь вельмі зацікаўленая "ў прафесійных кампаніях, гатовых прыцягнуць на ўзаемавыгаднай аснове фінансавыя рэсурсы для рэалізацыі праектаў" на беларускай тэрыторыі. Ён прапанаваў прадстаўнікам кітайскіх кампаній падумаць пра ўдзел у новых праектах у Беларусі не толькі ў якасці падрадчыкаў, але і з дапамогай ўваходжання ў капітал і ўкладання інвестыцый.

CRCC — буйная карпарацыя, якая знаходзіцца ў падпарадкаванні Камітэта па кантролі і кіраванні дзяржмаёмасцю пры Дзяржаўным савеце КНР. Карпарацыя спецыялізуецца на будаўніцтве метро, аўтамагістраляў, мастоў, тунэляў, нерухомасці, працуе больш як у ста краінах. Акрамя гэтага, у CRCC ёсць тэхналогіі і вопыт пракладкі высакахуткасных чыгунак (з хуткасцю перамяшчэння саставу 350 км/г).

У Беларусі зарэгістраваныя прадстаўніцтвы двух звязаных паміж сабой даччыных кампаній CRCC. Так, кампанія China Railway 25th Bureau Group з'яўляецца генпадрадчыкам на аб'ектах гандлёва-лагістычнага комплексу China Merchants Group у парку "Вялікі камень", а таксама займаецца будаўніцтвам сацыяльнага жылля.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН