Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/16/903202_903203/
Дата раздрукоўкі: 17.10.2019 08:12
16.05.2017 21:47 Эканоміка, Палітыка

Урад зацвердзіў заданне па экспарце тавараў і паслуг у Кітай на 2017—2020 гады

Мінск, 16 мая. Урад зацвердзіў заданне па экспарце тавараў і паслуг у Кітай на 2017—2020 гады. Гэта прадугледжана пастановай Савета міністраў ад 12 мая 2017 года № 347.

Як паведамляе прэс-служба ўрада, Саўмін зацвердзіў выкананне штогадовых заданняў па экспарце тавараў і паслуг у Кітай на 2017—2020 гады ў якасці ключавых паказчыкаў эфектыўнасці працы кіраўнікоў рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання і іншых арганізацый, падпарадкаваных ураду, аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама. Так, у 2017 годзе экспарт тавараў і паслуг у КНР павінен скласці 653 млн долараў ЗША, у 2018-м — 806,6 млн, у 2019-м — 1 млрд 60,1 млн, у 2020-м — 1,5 млрд долараў ЗША.

Органам улады неабходна забяспечыць замацаванне асоб, адказных за выкананне заданняў, на ўзроўні не ніжэйшым за намесніка кіраўніка; вызначыць спецыялістаў для аператыўнага ўзаемадзеяння з Міністэрствам замежных спраў, пасольствам Беларусі ў Кітаі, беларускімі арганізацыямі-экспарцёрамі па пытаннях выканання заданняў; прадстаўляць у Міністэрства замежных спраў справаздачы аб экспарце тавараў і паслуг у КНР.

У сваю чаргу МЗС даручана сумесна са службовай асобай, замацаванай за КНР, забяспечыць садзейнічанне ў выкананні заданняў, а таксама сумесна з рэспубліканскімі органамі дзяржкіравання і іншымі дзяржарганізацыямі, падпарадкаванымі ўраду, аблвыканкамамі і Мінгарвыканкамам забяспечыць правядзенне маніторынгу і разгляд вынікаў выканання заданняў. Інфармацыя аб выкананні заданняў павінна падавацца штогод да 1 студзеня і 1 ліпеня ў Саўмін.

Кантроль за выкананнем пастановы ўскладзены на МЗС.

За 2016 год тавараабарот Беларусі і Кітая склаў каля 2,6 млрд долараў. Пры гэтым беларускі экспарт склаў каля 470 млн долараў.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН