Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/17/903209_12345/
Дата раздрукоўкі: 17.10.2019 09:00
17.05.2017 09:51 Грамадства

Зоаабаронцы заклікаюць парламент не прымаць праект закона "Аб абыходжанні з жывёламі" ў яго цяперашнім варыянце

Мінск, 17 мая. Беларускія зоаабаронцы заклікаюць парламент не прымаць праект закона "Аб абыходжанні з жывёламі" ў яго цяперашнім варыянце.

У паведамленні, распаўсюджаным грамадскім аб`яднаннем абароны жывёл "Эгіда", адзначаецца, што прыняцце такога закона — "набалелае і самае вострае пытанне, якое падымаецца ўжо другі дзясятак гадоў". "Усе гэтыя гады зоаабаронцы спадзяюцца, што ў краіне з`явіцца закон, які рэальна пачне ахоўваць і абараняць правы жывёл. Але надзеі з кожным годам растаюць. На сёння і назва праекта не зусім карэктная (зоаабаронцы неаднаразова прапаноўвалі назваць яго "Закон аб абароне жывёл ад жорсткага абыходжання" — БелаПАН.), і змест праекта бянтэжыць. Таму што лепей без закона, чым з такім, які прапануецца апошнім чытаннем для прыняцця", — гаворыцца ў паведамленні.

"Эгіда" нагадвае, што гэта ўжо другі законапраект, у распрацоўцы якога ўдзельнічалі абаронцы жывёл. Першы планавалася прыняць у 2011 годзе, але тады з дапамогай грамадскасці ўдалося адкласці яго прыняцце, бо дакумент не адпавядаў мэтам абароны жывёл.

У 2015 годзе пачалася праца над новым праектам закона. "Эгіда" аказвала актыўную кансультацыйную дапамогу — над распрацоўкай дакумента працавалі профільныя юрысты, біёлагі, кінолагі, валанцёры. У праект былі ўключаныя артыкулы, якія, паводле ацэнкі спецыялістаў, "павінны былі палепшыць катастрафічную сітуацыю з жывёламі" ў Беларусі. Аднак у канчатковы варыянт законапраекта гэтыя прапановы не патрапілі. "Застаўся праект, які, калі будзе прыняты, абароніць толькі тых, хто хоча бачыць "сабаку — у будцы, а ката — у лесе". А яшчэ "лепей" — не бачыць іх наогул. Пацярпяць і жывёлы, і іх гаспадары, і звычайныя людзі, у якіх развітае спачуванне да жывёл. Дыктат будзе панаваць і ў гэтым пытанні", — сцвярджае "Эгіда".

Зоаабаронцы звяртаюцца да старшыні пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве Юрыя Дарагакупца з просьбай вярнуць у праект названага закона наступныя пункты:

- аб абавязковай стэрылізацыі беспародных жывёл;
- аб кантролі над разводам і продажам пародзістых жывёл, а таксама ўвядзенні высокіх падаткаў на развод;
- аб стварэнні сеткі дзяржаўных прытулкаў для бяздомных жывёл і падтрымцы валанцёрскіх прытулкаў без ускладнення іх легалізацыі;
- аб адмене прапанаванай чыноўнікамі нормы па ўтрыманні не больш як дзвюх жывёл у кватэры;
- аб увядзенні абавязковага чыпіравання жывёл як бяспечнага і надзейнага спосабу іх рэгістрацыі, які існуе ў большасці еўрапейскіх краін.

Закон таксама павінен прадугледжваць прапаганду гуманнага стаўлення да жывёл і пакаранне за прапаганду жорсткага абыходжання з імі, адзначаюць прадстаўнікі "Эгіды".

"Вось што павінна стаць падмуркам праекта закона, а не адзіны прапанаваны дзяржавай метад — "адлоў, адстрэл і эўтаназія". У іншым выпадку з`явіцца закон, які дапаможа тым, хто не любіць жывёл, проста "паводле закона" распраўляцца з імі", — падкрэсліваюць зоаабаронцы.

Яны заклікаюць грамадзян падпісваць і накіроўваць на імя Дарагакупца адпаведны ліст, тэкст якога размешчаны на сайце "Эгіды".
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН