Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/17/903262_589632/
Дата раздрукоўкі: 02.10.2020 00:39
17.05.2017 13:30 Эканоміка

Беларусь і Кітай падпісалі пагадненне аб развіцці грузаперавозак

Мінск, 17 мая. Беларусь і Кітай падпісалі міжурадавае пагадненне аб развіцці міжнародных грузавых перавозак і супрацоўніцтве ў рэалізацыі канцэпцыі будаўніцтва эканамічнага пояса Шаўковага шляху, паведаміла прэс-служба Міністэрства транспарту і камунікацый.

Дакумент быў падпісаны 16 мая ў Пекіне падчас мерапрыемстваў міжнароднага форуму "Адзін пояс і адзін шлях". Подпісы пад дакументам ад Беларусі паставілі міністр транспарту і камунікацый Анатоль Сівак, ад КНР — міністр транспарту Лі Сяопэн.

Дакумент прадугледжвае паглыбленне супрацоўніцтва ў чыгуначнай, аўтамабільнай, паветранай і іншай інфраструктуры, гарманізацыю нормаў і тэхналагічных стандартаў у галіне лагістыкі і стварэнне спрыяльных умоў для міжнародных перавозак грузаў паміж Еўропай і Азіяй.

Мяркуецца, што дзяржавы будуць садзейнічаць доступу прадпрыемстваў на міжнародны рынак паслуг чыгуначнага і аўтамабільнага транспарту, развіццю складской лагістыкі. Намаганні краін таксама будуць скіраваныя на развіццё эканамічнай, бяспечнай і эфектыўнай міжнароднай перавозкі грузаў.

Акрамя таго, гэтым пагадненнем прадугледжваецца садзейнічанне Беларусі і Кітая арганізацыі і выкананню міжнародных мультымадальных перавозак у напрамку тэрыторый абедзвюх дзяржаў, а таксама з іх у трэція краіны.

Паводле інфармацыі Мінтранса, пагадненне адкрытае для далучэння да яго любой дзяржавы, якая ўдзельнічае ў рэалізацыі канцэпцыі будаўніцтва эканамічнага пояса Шаўковага шляху.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239