Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/17/903282_12345/
Дата раздрукоўкі: 02.10.2020 01:20
17.05.2017 14:18 Грамадства

Паводле папярэдняй інфармацыі, апеляцыя па справе нападніка на людзей у ГЦ "Новая Еўропа" ў Мінску будзе разгледжаная ў Вярхоўным судзе 6 чэрвеня

Мінск, 17 мая. Апеляцыйная скарга абароны былога студэнта міжнароднага ўніверсітэта "МІТСО" Уладзіслава Казакевіча, які напаў на людзей у мінскім гандлёвым цэнтры "Новая Еўропа" з бензапілой і калуном, будзе разгледжаная ў Вярхоўным судзе Беларусі 6 чэрвеня, паведаміла БелаПАН прэс-сакратар ВС Юлія Ляскова.

Гэтая дата — папярэдняя, удакладніла прадстаўнік Вярхоўнага суда.

3 сакавіка Мінскі гарадскі суд прыгаварыў Казакевіча да 15 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, прызнаўшы яго вінаватым ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 139 КК (падрыхтоўка да забойства дзвюх і больш асоб), ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 139 КК (замах на забойства дзвюх і больш асоб), ч. 2 арт. 139 КК (забойства, учыненае з асаблівай жорсткасцю з хуліганскіх меркаванняў), ч. 1 арт. 339 КК (хуліганства).

Паводле звестак следства, масавае забойства Казакевіч меў намер учыніць у "МІТСО" 7 кастрычніка мінулага года (за чатыры дні да таго ён быў адлічаны з гэтай ВНУ за сістэматычныя прагулы). З заведзенай бензапілой і калуном ён збіраўся зайсці ў аўдыторыю, дзе ў той дзень займаліся 178 студэнтаў, каб напасці на іх. Давесці свой намер да канца абвінавачаны не змог — заведзеная ў прыбіральні бензапіла заглухла, а завесці яе паўторна ён не здолеў, пасля чаго пакінуў ВНУ.

На наступны дзень, 8 кастрычніка, Казакевіч вырашыў не ехаць ва ўніверсітэт. Выпіўшы гарэлкі, ён каля 17.30 зайшоў у гандлёвы цэнтр "Новая Еўропа" з чахлом для гітары, дзе ляжала ўжо гатовая да ўжывання бензапіла. Першай Казакевіч паспрабаваў забіць жанчыну; ёй удалося ўцячы. Другой жанчыне — Алене Александронец (1973 года нараджэння) — ён нанёс два ўдары бензапілой у вобласць шыі. Пасля таго як адзенне пацярпелай трапіла ў ланцуг і бензапіла заглухла, нападнік дабіў жанчыну калуном.

Затым, працягваючы перамяшчацца па ГЦ, Казакевіч прычыніў цялесныя пашкоджанні рознай ступені цяжару яшчэ двум жанчынам — ім пасля была аказаная медыцынская дапамога. Праз непрацяглы час нападніка затрымалі работнікі і наведвальнікі ГЦ, а таксама супрацоўнікі міліцыі.

З першага допыту Казакевіч тлумачыў свае дзеянні тым, што проста хацеў павесяліцца — іншых мэтаў у яго не было. Маладога чалавека адольвала прага забойства, прыцягвалі гвалт і кроў. На першым жа допыце абвінавачваны заявіў, што быў бы не супраць, калі б яго разарваў "раз'юшаны натоўп", бо гэта лепш, чым "гніць у турме". Галоўным для яго быў гвалт. Нянавісці да асобных людзей, мяркуючы па словах Казакевіча, ён не адчуваў, "прэтэнзіі" ў яго былі да вялікіх груп людзей — напрыклад, ён ненавідзеў мусульман. Разважаў пра ўчыненне тэракта, вывучаў магчымасць куплі агнястрэльнай зброі.

Вучачыся ў школе, Казакевіч двойчы спрабаваў скончыць жыццё самагубствам. Падчас знаходжання ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры псіхічнага здароўя ў яго было дыягнаставанае шызоіднае расстройства асобы. Юнак знаходзіўся на ўліку ў дзіцячым псіханеўралагічным дыспансеры, аднак потым быў з яго зняты.

Згодна з заключэннем стацыянарнай комплекснай псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы, у перыяд учынення злачынства Казакевіч мог у поўнай меры ўсведамляць значэнне сваіх дзеянняў і кіраваць імі.

У апошнім слове 27 лютага абвінавачваны заявіў: "На жаль, я не выканаў усіх сваіх планаў па масавых забойствах. Я вярнуся, каб скончыць пачатае".

Як заявіў у судзе дзяржабвінаваўца Алег Буйлянкоў, Казакевіч рыхтаваў масавае забойства. Абвінавачаны гэтага не адмаўляў і ва ўсіх дэталях распавядаў падрабязнасці падрыхтоўкі да ўчынення злачынства  — аж да таго, як хацеў запрасіць да сябе прастытутку, каб патрэніравацца забіваць бензапілой і пакаштаваць чалавечыны.

Дзяржабвінаваўца адзначаў, што забойства планавалася ўчыніць з асаблівай жорсткасцю — на гэта Казакевіч пайшоў у тым ліку з-за расчаравання ў сабе і нянавісці да людзей. Рыхтуючыся да злачынства, абвінавачваны купіў бензапілу, сякеру-калун, балаклаву, навушнікі, каб не чуць гук пілы і крыкаў забіваных людзей, і цёмныя акуляры.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239