Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/18/903521_558964/
Дата раздрукоўкі: 26.02.2020 16:02
18.05.2017 15:48 Грамадства, Эканоміка

Беларусь чакае ад Польшчы выдачы абвінавачанага ў карупцыйных злачынствах былога аператыўнага супрацоўніка службы БЭЗ

Мінск, 18 мая. Следчы камітэт Беларусі расследуе крымінальную справу ў дачыненні да Дзмітрыя Каўша, жыхара Гродна. Яго дзеянні кваліфікаваныя на падставе чч. 1 і 2 арт. 430 (атрыманне хабару, паўторна), ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 430 (замах на атрыманне хабару) КК.

Паводле інфармацыі СК, устаноўлена, што абвінавачаны, працуючы на пасадзе оперупаўнаважанага па эканамічных злачынствах УУС Гродзенскага аблвыканкама, на працягу доўгага часу сістэматычна атрымліваў незаконныя грашовыя ўзнагароджанні. У матэрыялах крымінальнай справы ёсць звесткі пра не менш як 10 фактаў атрымання і замаху на атрыманне хабару ў перыяд з 2011 па 2013 гады.

Грошы службовай асобе перадавалі ў якасці падзякі за неспыненне супрацьпраўнай дзейнасці, якая выявілася ў ажыццяўленні незаконных валютных аперацый фізічнай асобай на адной з аўтадарог у памежнай зоне.

У крымінальнай справе таксама ёсць звесткі аб продажы абвінавачаным службовай інфармацыі пра мерапрыемствы, якія праводзіліся дзяржаўнымі і праваахоўнымі органамі ў мэтах выяўлення і спынення правапарушэнняў і злачынстваў.

Дзмітрый Коўш знаходзіцца ў міжнародным вышуку, хаваецца на тэрыторыі Польшчы. Зараз на падставе дакументаў, пададзеных беларускімі следчымі, кампетэнтныя органы юстыцыі Польшчы разглядаюць пытанне аб яго выдачы для прыцягнення да крымінальнай адказнасці за здзейсненыя ў Беларусі злачынствы.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН