Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/18/eu_903453_12345/
Дата раздрукоўкі: 06.07.2020 22:43
18.05.2017 14:29 Эканоміка, Беларусь — Eўрасаюз

Беларусь і Чэхія абмеркавалі развіццё гандлёва-эканамічных адносінаў

Мінск, 18 мая. 9-е пасяджэнне беларуска-чэшскай змешанай камісіі па эканамічным, прамысловым і навукова-тэхнічным супрацоўніцтве прайшло 16—17 мая ў Празе.

Як паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі, таксама адбыліся сустрэчы беларуска-чэшскай рабочай групы па сельскай гаспадарцы і беларуска-чэшскай рабочай групы па машынабудаванні.

Беларускую дэлегацыю на мерапрыемствах узначальваў намеснік міністра замежных спраў Яўген Шастакоў, чэшскую — намеснік міністра прамысловасці і гандлю Іржы Коліба.

Бакі абмеркавалі стан і перспектывы развіцця двухбаковых гандлёва-эканамічных адносін, інтэнсіфікацыю ўцягнутасці чэшскіх і беларускіх кампаній у дзейнасць змешанай камісіі, удзел Беларусі ў міжнароднай машынабудаўнічай выставе MSV-2017 у кастрычніку гэтага года ў Брно, а таксама правядзенне на палях гэтай канферэнцыі бізнес-дня Беларусі.

Асаблівая ўвага нададзена супрацоўніцтву дзвюх краін у энергетычнай сферы. Падкрэслена, што ў апошні час чэшскія кампаніі выступаюць не толькі пастаўшчыкамі энергетычнага абсталявання, але і ўсё часцей прамымі інвестарамі. Бакі абмеркавалі магчымыя варыянты будаўніцтва чэшскімі кампаніямі гідраэлектрастанцыі ў Беларусі.

Падпісанне пратакола па выніках пасяджэння беларуска-чэшскай змешанай камісіі па эканамічным, прамысловым і навукова-тэхнічным супрацоўніцтве.

У рамках работы беларуска-чэшскай рабочай групы па сельскай гаспадарцы дасягнутыя дамоўленасці аб паглыбленні супрацоўніцтва ў ветэрынарнай і фітасанітарнай галіне, сферы адукацыі і сельскай гаспадаркі; разгледжаныя прапановы чэшскіх кампаній аб будаўніцтве малочных ферм і жывёлагадоўчых комплексаў у Беларусі. Абмеркаваныя таксама ўдзел Чэхіі ў Міжнароднай сельскагаспадарчай выставе "Белагра 2017", якая пройдзе ў Мінску.

У рамках беларуска-чэшскай рабочай групы па машынабудаванні бакі разгледзелі перспектывы сумеснай вытворчасці аўтакампанентаў для патрэб беларускіх і чэшскіх прадпрыемстваў.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239