Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/19/903674_12345/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 09:43
19.05.2017 14:12 Эканоміка

Старшыня Дзяржкамваенпрама Гурулёў: Milex — сур'ёзная ваенна-палітычная і, безумоўна, эканамічная падзея ў жыцці краіны

Мінск, 19 мая. "Выстава Milex — дастаткова сур'ёзная ваенна-палітычная і, безумоўна, эканамічная падзея ў жыцці краіны. Арганізатары прыклалі максімум намаганняў, каб прадэманстраваць, што Беларусь жыве і развіваецца, у тым ліку і ў галіне абароннай прамысловасці", — цытуе сайт Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Беларусі старшыню Дзяржкамваенпрама Сяргея Гурулёва.

Паводле яго слоў, у выставе возьмуць удзел больш за 50 дэлегацый з больш чым 30 краін. Найбольш магутна прадстаўленыя Расія і Кітай. Упершыню ўдзельнічае Еўропа ў асобе Германіі, Славакіі. "Усё гэта дае нам падставу для пазітыўнага настрою на плённую працу", — канстатаваў Гурулёў.

Ён расказаў, што ў экспазіцыі ў "Мінск-Арэне" будуць прадстаўленыя толькі найноўшыя распрацоўкі. Іх аказалася больш за 90: сродкі рухомасці, якія карыстаюцца вялікім поспехам на рынку ўзбраенняў; сродкі радыёлакацыі, радыёразведкі і радыёэлектроннай барацьбы, сродкі паражэння. "Хачу заўважыць, што, выконваючы пастаўленую прэзідэнтам задачу, па многіх узорах і напрамках мы выйшлі на поўны цыкл вытворчасці", — сказаў Гурулёў.

Кіраўнік Дзяржкамваенпрама вылучыў некалькі прычын, чаму Беларусі ўдаецца ўтрымліваць адно з вядучых месцаў у абароннай прамысловасці: "Па-першае, мы не страцілі патэнцыял, які ў нас быў. База, што засталася з часоў Савецкага Саюза, дазволіла падрыхтаваць новыя калектывы спецыялістаў, якія маюць багаты вопыт і жыва цікавяцца апошнімі сусветнымі тэндэнцыямі. Аснова сучаснай абароннай тэхнікі, безумоўна, — IT: электронны складнік, кампаненты. І, праводзячы перамовы, я звычайна кажу: мы прапануем тое, у чым моцныя. Мы сапраўды маем дастаткова сур'ёзны аўтарытэт у распрацоўцы праграмнага забеспячэння, сістэм кіравання і іншых IT, з якімі лічацца ва ўсім свеце. Акрамя іншага, з дапамогай найноўшых распрацовак мы стараемся даваць "другое жыццё" і савецкаму "металу". Ён, на жаль, ўжываецца ў тых канфліктах, якія сёння маюць месца, і тых краінах, якія гэтым узбраеннем яшчэ карыстаюцца".

Гурулёў падкрэсліў, што, калі гадоў пяць-сем таму абаронны сектар эканомікі Беларусі на 90% магчымасцяў працаваў на замежных заказчыкаў, то цяпер дастатковы працэнт прадукцыі пастаўляецца на ўнутраны рынак. Пры гэтым узрасла колькасць узораў тэхнікі, якія пастаўляюцца ва Узброеныя сілы Беларусі.

"У выніку за пяць гадоў аб'ём экспарту павялічыўся роўна ў два разы. Летась ён склаў каля мільярда долараў. Думаю, для Беларусі гэта досыць сур'ёзная лічба, якую немагчыма дасягнуць без пашырэння рынку, — сказаў Гурулёў. — Ужо цяпер мы ўзаемадзейнічаем з 52 краінамі і яшчэ з 32 працуем на заканадаўчым узроўні ў галіне ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва. Геаграфія пастаянна пашыраецца, і сёння акрамя краін СНД нашы распрацоўкі прадстаўленыя ў Паўднёва-Усходняй Азіі, Паўднёвай Амерыцы і Афрыцы, дабраліся ўжо да Аўстраліі, Milex наведае дэлегацыя Філіпін, добрыя адносіны ўсталяваліся з Інданезіяй, Малайзіяй, і наша выстава, безумоўна, спрыяе ўзмацненню гэтай кааперацыі ".
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН