Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/19/903682_478569/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 09:45
19.05.2017 14:01 Грамадства, Эканоміка

Лукашэнка падтрымаў ініцыятыву ФПБ аб народным кантролі за цэнамі ў магазінах

Мінск, 19 мая. Аляксандр Лукашэнка падтрымаў ініцыятыву Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) аб народным кантролі за цэнамі ў гандлёвых аб'ектах. Пра гэта ён заявіў 19 мая на сустрэчы са старшынёй федэрацыі Міхаілам Ордам, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

"Чуў, што вы хочаце арганізаваць народны кантроль за цэнамі ў магазінах, — сказаў Лукашэнка. — Усё ў справаздачах статыстыкі і правільна, і добра паводле методык, але ў магазінах па асноўных таварах, асноўных прадуктах харчавання сітуацыя можа быць іншая. Якая яна — хто, як не прафсаюзы, гэта лепш за ўсё ведаюць. Таму я вельмі падтрымліваю гэтую ініцыятыву аб кантролі за цэнамі непасрэдна ў гандлёвых арганізацыях".

Лукашэнка звярнуў увагу, што традыцыйна прафсаюзы ўдзельнічаюць у вырашэнні пытанняў у сферы занятасці. "Я таксама буду прасіць, каб вы ад гэтага пытання не сыходзілі. І заработная плата як вынік. Гэтыя пытанні трымайце ў полі зроку", — сказаў ён.

На сустрэчы Лукашэнка таксама заявіў пра падтрымку дзяржавай развіцця партыйнай сістэмы, паведамляе прэс-служба.

"Калі партыі, якія існуюць, здольныя да ўзнаўлення, узмацнення, умацавання, павышэння колькасці, мы будзем гэты працэс падтрымліваць. Прытым і апазіцыйныя, і не апазіцыйныя", — адзначыў ён.

Лукашэнка дадаў, што ў краіне ёсць дзве магутныя арганізацыі: прафсаюзы колькасцю большай за 4 млн чалавек і грамадскае аб'яднанне "Белая Русь".

"Гэта не значыць, што я буду першачарговую ўвагу надаваць іх падтрымцы. Але я не хаваю свайго стаўлення да гэтых двух наймагутнейшых арганізацый. Яны ігралі і будуць іграць больш істотную ролю ў жыцці нашага грамадства", — заявіў афіцыйны лідар.

Лукашэнка таксама заклікаў прафсаюзы да больш актыўнай ролі ў развіцці вялікага спорту.

"У прафсаюзаў велізарны спартыўны пласт. Згодна з вашымі справаздачамі, вы кожны год ледзь не паўтысячы выдаяце наверх спартсменаў, якія гатовыя стаць вялікімі. А дзе яны? Іх не відаць, — сказаў ён. — Таму тут нам таксама трэба нешта зрабіць, каб у вас цэлая галіна была. Магчыма, і не трэба нікуды іх перадаваць. а калі і перадаваць, то іх трэба весці, кантраляваць, каб мы іх не страцілі. А так вы, здаецца, 500 чалавек і перадалі, а вынікаў у вялікім спорце мы не бачым".

Кіраўнік дзяржавы прапанаваў прадумаць адпаведную сістэму, каб максімальна спрыяць самарэалізацыі перспектыўных спартсменаў.
Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН