Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/20/903878_903879/
Дата раздрукоўкі: 19.06.2019 11:46
20.05.2017 15:43 Эканоміка, Грамадства

Калінін: Прыцягненне турыстаў на Аўгустоўскі канал стрымлівае неразвітасць сферы паслуг

Мінск, 20 мая. На Аўгустоўскім канале варта прапаноўваць больш паслуг. Такое меркаванне выказаў намеснік прэм'ер-міністра Анатоль Калінін, паведамляе прэс-служба ўрада.

19 мая Калінін наведаў сезонны рачны пункт спрошчанага пропуску "Лясная — Рудаўка", іншыя турыстычныя месцы ўздоўж канала. Віцэ-прэм'ер даручыў больш актыўна развіваць сферу паслуг вакол гістарычнага воднага шляху і больш актыўна яго папулярызаваць.

Калініну прадставілі план развіцця канала, расказалі аб развіцці веламаршрутаў, планах па правядзенні мерапрыемстваў, сярод якіх абласныя і міжнародныя спартыўныя, культурныя, музычныя фестывалі. Забаўляльныя мерапрыемствы на берагах канала (у асноўным каля шлюза Дамброўка) у цёплы сезон маюць намер наладжваць кожныя выхадныя.

Цяпер турыстычная інфраструктура Аўгустоўскага канала прадстаўлена 20 маршрутамі агульнай працягласцю больш за 400 км, ёсць 18 месцаў адпачынку і стаянак для турыстаў, 16 прычалаў. Дзейнічаюць 10 аграсядзіб, пракат веласіпедаў і лодак, летняе кафэ і аб'екты харчавання ў двух аграсядзібах.

Як адзначыў Калінін, беларускім і польскім бокам створаны ўмовы, неабходная інфраструктура для бязвізавага, зручнага перасячэння мяжы. Аднак спыняцца на гэтым нельга, пакуль недастатковае развіццё тут атрымала сфера паслуг, лічыць ён. "Гэта з'яўляецца стрымліваючым момантам для прыцягнення турыстаў на канал. Трэба стварыць выгоды, сэрвіс, неабходны камфорт. Упершыню прыехаўшы на Аўгустоўскі канал і пракруціўшы педалі веласіпеда 20 км да першага пункта, дзе можна адпачыць, выпіць вады, наўрад ці госць захоча вярнуцца. Неабходна прапрацаваць канчаткова пытанні зручнасці водных і транспартных зносін у парку "Аўгустоўскі канал". У гэтыя сферы павінен прыйсці прыватны бізнес", — лічыць віцэ-прэм'ер.

Для павелічэння патоку турыстаў праз гэты сезонны пункт пропуску важна, каб была актыўнасць з беларускага боку, тады і ў адваротным кірунку рух стане большы, дадаў ён.

Як паведамляў БелаПАН, 23 жніўня 2016 года быў падпісаны ўказ прэзідэнта № 318, які ўстанаўлівае бязвізавы парадак уезду і выезду на тэрыторыю Беларусі і часовага знаходжання ў турыстычных мэтах на тэрмін да пяці сутак у спецыяльным турысцка-рэкрэацыйным парку "Аўгустоўскі канал" і на прылеглых да яго тэрыторыях.

Такі парадак прадугледжаны для замежных грамадзян, якія перасякаюць мяжу Беларусі з Польшчай праз пункты пропуску Лясная (Рудаўка) і Брузгі (Кузніца Беластоцкая), з Літвой праз пункты пропуску Прывалка (Швяндубрэ) і Прывалка (Райгардас).

Усталяванне бязвізавага парадку наведвання Аўгустоўскага канала заклікана садзейнічаць павелічэнню турыстычнага патоку на тэрыторыю парку, працоўнай занятасці мясцовага насельніцтва, прыцягненню інвестыцый у развіццё інфраструктуры парку, правядзенню буйных міжнародных турыстычных і спартыўных мерапрыемстваў.

Указ дзейнічае да 31 снежня 2017 года з магчымасцю прадаўжэння на нявызначаны тэрмін.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН