Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/22/eu_eu_904117_12345/
Дата раздрукоўкі: 16.10.2019 02:36
22.05.2017 16:59 Палітыка, Беларусь — Eўрасаюз

У Камітэце рэгіёнаў ЕС чакаюць, што мясцовыя выбары ў Беларусі у 2018 годзе будуць адпавядаць міжнародным стандартам

Мінск, 22 мая. Камітэт рэгіёнаў Еўрапейскага саюза чакае празрыстасці ад выбараў у мясцовыя саветы дэпутатаў, якія запланаваныя ў Беларусі ў 2018 годзе.
Пра гэта заявіў старшыня Камітэта рэгіёнаў ЕС Марку Маркула 22 мая ў Мінску на пасяджэнні бюро Канферэнцыі мясцовых і рэгіянальных уладаў краін Усходняга партнёрства (КАРЛІП).

"У Беларусі набліжаюцца мясцовыя выбары. Мы таксама чакаем практычных крокаў па ўкараненні на іх прызнаных міжнародных стандартаў. Выбары вельмі важныя, бо дэмакратыя для грамадзян пачынаецца на ўзроўні мясцовых працэсаў", — адзначыў Маркула.

У сваю чаргу старшыня пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, сустаршыня бюро канферэнцыі Аляксандр Папкоў заявіў, што рэалізацыя палітыкі добрасуседства павінна спрыяць дасягненню асноўных мэтаў Усходняга партнёрства. "Сёння практычнае ўзаемадзеянне паміж краінамі Еўрапейскага саюза і Усходняга партнёрства становіцца як ніколі актуальнае. Беларусь зацікаўленая ў нармальных, добрасуседскіх адносінах. Мы падтрымліваем умацаванне Усходняга партнёрства і спадзяемся, што рэалізацыя палітыкі добрасуседства будзе спрыяць дасягненню асноўных яго мэтаў, павышэнню стабільнасці, бяспекі і паспяховага эканамічнага развіцця нашых дзяржаў", — сказаў член Савета Рэспублікі.

Паводле слоў Папкова, Беларусь як сустаршыня ў КАРЛІП вызначыла асноўную праблематыку арганізацыі ў такіх сферах, як сацабарона насельніцтва і павышэнне энергаэфектыўнасці.

Камітэт рэгіёнаў — кансультатыўны орган Еўрапейскага саюза, які служыць гарантам таго, што мясцовыя і рэгіянальныя ўлады прымаюць непасрэдны ўдзел у дзейнасці інстытутаў арганізацыі. Супрацоўніцтва краін — удзельніц Усходняга партнёрства з Камітэтам рэгіёнаў Еўрапейскага саюза вядзецца з 2011 года ў фармаце КАРЛІП. Беларусь у КАРЛІП прадстаўляе савет па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры верхняй палаце парламента.

Старшынства КАРЛІП ажыццяўляецца двума сустаршынямі — дзейным кіраўніком Камітэта рэгіёнаў ЕС і прадстаўніком краіны — партнёра Усходняга партнёрства. У кастрычніку 2016-га — верасні 2017 года сустаршынёй КАРЛІП выступае Беларусь. У склад КАРЛІП уваходзяць 18 прадстаўнікоў краін Усходняга партнёрства (па тры ад краіны) і 18 прадстаўнікоў Камітэта рэгіёнаў ЕС.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН