Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/23/eu_eu_904190_904191_12345/
Дата раздрукоўкі: 16.10.2019 03:00
23.05.2017 09:43 Грамадства, Беларусь — Eўрасаюз

Пасольства Беларусі ў Вялікабрытаніі высвятляе, ці ёсць беларусы сярод пацярпелых у выніку выбуху ў Манчэстэры

Мінск, 23 мая. Пасольства Беларусі ў Вялікабрытаніі ў кантакце з брытанскімі ўладамі высвятляе, ці ёсць беларусы сярод пацярпелых у выніку выбуху ў Манчэстэры. Пра гэта паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі.

Па меншай меры 19 чалавек загінулі, дзясяткі атрымалі раненні ў Манчэстэры на захадзе Вялікабрытаніі, паведамляе тэлеканал Euronews. Магутны выбух прагрымеў у панядзелак увечары ў зоне білетных кас крытага стадыёна "Манчэстэр-Арэна", які змяшчае 21 тыс. чалавек.

На стадыёне праходзіў канцэрт амерыканскай спявачкі Арыяны Грандэ. Выбух прагрымеў, як толькі яна скончыла свой выступ і пайшла са сцэны. Тысячы людзей у паніцы паспрабавалі пакінуць арэну. Да стадыёна тэрмінова прыбылі дзясяткі паліцэйскіх аўтамабіляў і машын хуткай дапамогі. Рух цягнікоў па размешчанай побач чыгунцы быў спынены.

Іан Хопкінс, кіраўнік манчэстэрскай паліцыі, выказаў спачуванні блізкім загінулых.

"Цяпер мы разглядаем тое, што адбылося, як тэракт да атрымання новай інфармацыі, — сказаў ён. — Мы цесна працуем з нацыянальным аддзяленнем паліцыі па барацьбе з тэрарызмам і з разведкай Вялікабрытаніі. Гэта, безумоўна, вельмі адказны момант для ўсіх. Мы робім усё, што ў нашых сілах, для падтрымкі пацярпелых".

59 параненых шпіталізавалі, яшчэ некалькім пацярпелым дапамога была аказаная на месцы.

Прэм`ер-міністр Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй назвала выбух у Манчэстэры "жахлівым тэрактам". Раніцай у аўторак яна прызначыла экстраннае пасяджэнне надзвычайнага ўрадавага камітэта COBRA.

Гэта самы буйны напад у Вялікабрытаніі пасля трагедыі ў лонданскім метро ў 2005 годзе — тады загінулі больш за 50 чалавек.

"Манчэстэр-Арэна" — найбуйнейшы крыты стадыён у Еўропе. Ён быў адкрыты ў 1995 годзе. Сярод зорак, што выступілі тут, былі "Ролінг Стоўнз", Лучана Павароці і Мадонна.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН