Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/23/eu_eu_904238_12345/
Дата раздрукоўкі: 23.04.2018 10:45
23.05.2017 14:58 Палітыка, Эканоміка, Беларусь — Eўрасаюз

Лукашэнка: Беларусь зацікаўленая ва ўзаемадзеянні з Еўрасаюзам у пытаннях развіцця рэгіёнаў

Мінск, 23 мая. Беларусь зацікаўлена ва ўзаемадзеянні з Еўрасаюзам у пытаннях развіцця рэгіёнаў, заявіў Аляксандр Лукашэнка 23 мая ў Мінску на сустрэчы са старшынёй Камітэта рэгіёнаў Еўрапейскага саюза Маркку Марккулам, паведамляе прэс-служба беларускага прэзідэнта.

Паводле яго слоў, Беларусь — надзейны партнёр усіх, "хто ў Еўропе дбае пра добре і шчаслівае жыццё людзей, якія жывуць перш за ўсё ў глыбінцы".

"Вельмі рады з вамі сустрэцца яшчэ і з прычыны таго, што вы займаецеся вельмі сур'ёзнымі праблемамі, — сказаў беларускі лідар. — З імі мы сутыкаемся даўно, яшчэ з савецкіх часоў. Гэта тыя праблемы, якімі жывуць нашы людзі там — у глыбінцы, на месцах, у вёсках, малых гарадах".

Лукашэнка зазначыў, што мерапрыемствы, якія прайшлі напярэдадні ў Мінску з удзелам Камітэта рэгіёнаў ЕС, "цесна ўплятаюцца ў тканіну" нармалізацыі стасункаў Беларусі з Еўропай. (22 мая ў беларускай сталіцы адбылося пасяджэнне бюро Канферэнцыі мясцовых і рэгіянальных уладаў краін Усходняга партнёрства.)

"Вы выпрацоўваеце адпаведныя рэкамендацыі Еўрапейскага саюза па вялікім спектры адносін паміж Беларуссю і ЕС. Асабліва для арганізацыі "Усходняе партнёрства". Я вам вельмі ўдзячны за тыя напрамкі супрацоўніцтва, якія былі разгледжаныя перш за ўсё ў Беларусі падчас пасяджэння вашага бюро", — зазначыў ён.

Кіраўнік дзяржавы перакананы, што цяперашні візіт стане чарговым крокам у наладжванні добрасуседскіх адносін паміж Беларуссю і ЕС.

"У вашым прыездзе ў Беларусь я быў вельмі зацікаўлены. Вы прыехалі з камандай спецыялістаў. І цікавасць перш за ўсё палягае ў тым, каб вы бліжэй пазнаёміліся з Беларуссю і ўбачылі адкрытасць нашай краіны", — падкрэсліў Лукашэнка.

Ён таксама паведаміў пра сваю цікавасць да развіцця беларуска-фінляндскага супрацоўніцтва. "Ні разу не быў на вашай радзіме ў Фінляндыі, але чамусьці мне здаецца, што гэта тая краіна, з якой мы павінны браць па многіх напрамках прыклад, — сказаў ён. — Думаю, што ў вольны ад асноўнай працы час вы надасце трохі ўвагі і для таго, каб зблізіць Фінляндыю з Беларуссю. Мы ў гэтым вельмі зацікаўленыя".

Маркку Марккула ў сваю чаргу падзякаваў беларускаму боку за запрашэнне і правядзенне мерапрыемстваў у Мінску. "Уплыў нашай арганізацыі ў Еўропе вельмі высокі. Мы, як і ў вас у Беларусі, надаем асаблівую ўвагу жыхарам невялікіх населеных пунктаў, вёсак для таго, каб даць належны ўзровень сацыяльнай забяспечанасці і жыцця. Каб дасягнуць ключавой задачы стабільнага сацыяльнага становішча ў грамадстве ў цэлым", — сказаў ён.
Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН