Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/23/eu_eu_904283_904284/
Дата раздрукоўкі: 18.08.2018 11:23
23.05.2017 14:41 Палітыка, Грамадства, Беларусь — Eўрасаюз

Лукашэнка выказаў спачуванні каралеве Лізавеце ў сувязі з тэрактам у Манчэстэры

Мінск, 23 мая. Аляксандр Лукашэнка выказаў спачуванні каралеве Вялікабрытаніі Лізавеце II, а таксама родным і блізкім загінулых у выніку тэракта ў Манчэстэры. Пра гэта паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

"Да глыбіні душы ўзрушаны жудаснай трагедыяй на стадыёне "Манчэстэр-Арэна", у выніку якой загінулі і пацярпелі невінаватыя людзі", — гаворыцца ў спачуванні.

Лукашэнка адзначыў, што беларусы падзяляюць гора і боль сем`яў ахвяраў, смуткуюць разам з усім народам Вялікабрытаніі. "Мы рашуча асуджаем учынены тэрарыстычны акт, як і ўсе формы тэрарызму, экстрэмізму і рэлігійнага радыкалізму", — падкрэсліў ён.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, запалохванне грамадства не можа быць сродкам дасягнення якіх бы там ні было мэтаў.

Увечары 22 мая на стадыёне "Манчэстэр-Арэна" пасля завяршэння канцэрта амерыканскай спявачкі Арыяны Грандэ адбыўся выбух. Загінулі 22 чалавекі, больш за 60 атрымалі раненні. Адказнасць за выбух узяла на сябе тэрарыстычная арганізацыя "Ісламская дзяржава" (ІДІЛ).

Прэм`ер-міністр Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй назвала выбух у Манчэстэры "жахлівым тэрактам". Раніцай у аўторак яна прызначыла экстраннае пасяджэнне надзвычайнага ўрадавага камітэта COBRA.

Міністр унутраных спраў Вялікабрытаніі Эмбер Рад у сваю чаргу сказала: "Гэта варварская атака была спецыяльна накіравана на самых уразлівых грамадзян нашага грамадства — на дзяцей і моладзь, якія прыйшлі на канцэрт. Я заклікаю грамадскасць не губляць пільнасці, але пры гэтым не панікаваць. Калі ў людзей ёсць інфармацыя, якую яны хочуць паведаміць, яны павінны звязацца з паліцыяй".

Гэта самы буйны напад у Вялікабрытаніі пасля трагедыі ў лонданскім метро ў 2005 годзе — тады загінулі больш за 50 чалавек.

"Манчэстэр-Арэна" — найбуйнейшы крыты стадыён у Еўропе. Ён быў адкрыты ў 1995 годзе. Сярод зорак, якія выступалі тут, "Ролінг Стоўнз", Лучана Павароці і Мадонна.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН