Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/25/eu_eu_904651_904652/
Дата раздрукоўкі: 16.10.2018 15:42
25.05.2017 14:54 Палітыка, Беларусь — Eўрасаюз

Намеснік кіраўніка Еўракамісіі: Забарону на імпарт у ЕС электраэнергіі з АЭС з трэціх краін трэба ацаніць з улікам палажэнняў СГА

Мінск, 25 мая. Забарона на імпарт у Еўрасаюз электраэнергіі з АЭС з трэціх краін павінна атрымаць ацэнку з улікам палажэнняў Сусветнай гандлёвай арганізацыі. Пра гэта ў інтэрв`ю літоўскай газеце Verslo zinios заявіў намеснік старшыні Еўракамісіі Мараш Шэфчавіч, які знаходзіцца з візітам у Літве, паведамляе партал ru.delfi.lt.

"Вельмі цяжка кантраляваць характар імпартаванай электраэнергіі па тэхнічных прычынах, — сказаў ён. — У ЕС нельга забараніць імпартаваць атамную энергію, паколькі гэта супярэчыць прынцыпам унутранага энергетычнага рынку. Забарону на імпарт электраэнергіі з атамных станцый з краін, якія не ўваходзяць у ЕС, трэба ацаніць з улікам палажэнняў СГА".

На думку Шэфчавіча, не ясна, ці дапамогуць забароны на імпарт атамнай электраэнергіі забяспечыць больш высокія стандарты бяспекі на АЭС за межамі Еўрасаюза. Ён падкрэсліў, што ЕС зацікаўлены ў тым, каб Беларуская АЭС адпавядала найвышэйшым стандартам бяспекі.

У сваю чаргу літоўскі прэм`ер-міністр Саўлюс Скверняліс заявіў, што Літва забяспечыць, каб электраэнергія з небяспечных станцый не трапляла ў краіну.

"Было згадана, што гэта праблема не Літвы, а Еўрасаюза і Беларусі, у выніку закон аб нявыхадзе (гэтай электраэнергіі на літоўскі рынак. — БелаПАН.) прыняты, пазіцыя ўзгоднена з партнёрамі ў Балтыйскіх краінах, тэхнічна гэта магчыма, — сказаў Скверняліс. — Літва гатовая гэта зрабіць, каб на наш рынак не трапіла электраэнергія з небяспечных АЭС".

Раней прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ заявіла, што імкненне яе краіны байкатаваць электраэнергію з БелАЭС звязана з інтарэсамі нацыянальнай бяспекі і не будзе супярэчыць правілам СГА.

20 красавіка сойм Літвы ўхваліў заканадаўчы акт, які забараняе імпарт электраэнергіі, што вырабляецца на небяспечных замежных АЭС, у тым ліку на Беларускай АЭС, якая будуецца.

Згодна з прынятым законам БелАЭС прызнана небяспечнай, паколькі, на думку літоўскага боку, "пры яе будаўніцтве і працы не выконваюцца патрабаванні экалагічнай, ядзернай, радыяцыйнай бяспекі, парушаюцца міжнародныя пагадненні і канвенцыі" і яна "з-за геаграфічнага становішча і тэхналагічных асаблівасцяў уяўляе пагрозу нацыянальнай бяспецы Літвы, навакольнаму асяроддзю і грамадскаму здароўю".

У чэрвені мінулага года ўрад Літвы прыняў план па эмбарга энергіі ад БелАЭС і Балтыйскай АЭС, якая будавалася ў Калінінградзе і праект якой цяпер замарожаны, на энергетычны рынак Літвы ў прыватнасці і Еўрасаюза ў цэлым шляхам абмежавання таргоў на электрычнасць ад гэтых станцый у літоўскай зоне энергарынку Nord Pool. Сёлета аб далучэнні да гэтай ініцыятывы заявілі ўлады Польшчы.

У лютым МЗС Літвы апублікавала на сваім сайце дзесяць прычын, па якіх літоўскі бок не лічыць будаванне Беларускай АЭС бяспечным. Прэтэнзіі датычацца працэдуры выбару і фізіка-геаграфічных характарыстык будпляцоўкі, уразлівасці АЭС перад падзеннем цяжкага самалёта, адсутнасці справаздачы па стрэс-тэстах і поўных высноў місіі МАГАТЭ па аглядзе пляцоўкі і канструкцый атамных аб`ектаў з улікам знешніх пагроз, небяспекі забруджвання вадаёмаў Літвы ў выпадку сур`ёзнай аварыі на БелАЭС і шмат чаго іншага.

Беларусь неаднаразова падкрэслівала, што праект БелАЭС абсалютна бяспечны, што будаўніцтва вядзецца з захаваннем усіх узятых на сябе дзяржавай міжнародных дамоўленасцяў і што літоўскаму боку была пададзена ўся інфармацыя, якая гэта даказвае.

Беларуская АЭС будуецца пры ўдзеле Расіі. Яна будзе складацца з двух энергаблокаў сумарнай электрычнай магутнасцю да 2.400 мегават. Для яе будаўніцтва выбраны праект АЭС-2006 — тыпавы расійскі праект атамнай станцыі новага пакалення, у якім выкарыстоўваецца вода-вадзяны энергетычны рэактар ВВЭР-1200. Першая пастаўка ядзернага паліва на БелАЭС чакаецца ў канцы 2018 года. Увод у эксплуатацыю першага энергаблока запланаваны на 2019 год, другога — на 2020-ты.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН