Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/26/904824_12345/
Дата раздрукоўкі: 13.11.2019 03:06
26.05.2017 11:55 Грамадства

Лукашэнка: У пытанні пачатку заняткаў у школах галоўным павінна быць здароўе дзяцей

Мінск, 26 мая. У пытанні пачатку вучэбных заняткаў у школах галоўным павінна быць здароўе дзяцей, заявіў Аляксандр Лукашэнка 26 мая падчас наведвання СШ № 61 Мінска.
"Мы павінны вызначыцца, чаго мы ад гэтага хочам. Я казаў пра здароўе дзяцей, пра нармальнае іх самаадчуванне на ўроку. Для таго каб чалавек засвойваў матэрыял, ён павінен добра сябе адчуваць. Таму мне здаецца, што тут мэта — здароўе дзяцей і здольнасць засвойваць матэрыял", — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

Міністр адукацыі Ігар Карпенка праінфармаваў, што з 1 верасня 2017 года 82,5% устаноў агульнай сярэдняй адукацыі будуць пачынаць навучальныя заняткі з 9 раніцы. З 8.30 раніцы вучоба будзе пачынацца ў 17,2% школ і толькі ў 0,3% устаноў — з 8 раніцы. "Мы праманіторылі. Так, сапраўды, ёсць аб`ектыўна школы, якія могуць пачынаць навучальныя заняткі з 9 раніцы. Гэта, як правіла, сельскія школы і ўстановы адукацыі, якія працуюць у адну змену", — сказаў Карпенка.

Складанасці, дадаў ён, узнікаюць у тых школ, дзе навучальны працэс арганізаваны ў дзве змены. Але адпаведныя пытанні вырашаюцца ў тым ліку за кошт пэўнага скарачэння часу перапынкаў, сказаў Карпенка.

Упершыню пра перанос пачатку школьных заняткаў на больш позні час Лукашэнка заявіў 7 кастрычніка 2016 года, выступаючы перад парламентарыямі. "Гадзіну дзіцяці раніцай паспаць — гэта добрая справа. Усё роўна яно раней часу ўвечары не засне. Як некаторыя настаўнікі кажуць: а сёмай раніцы прачнецца — раней ляжа. Успомніце сябе — часта вы раней часу клаліся спаць?" — спытаў ён у дэпутатаў.

Гэтую ж тэму кіраўнік дзяржавы ўздымаў, выступаючы са штогадовым пасланнем народу і парламенту ў красавіку гэтага года. "З дзевяці гадзін трэба пачынаць вучобу ў школе i не глядзець на тое, што бацькам складана ў школу адправіць дзіця, таму што яны раней ідуць на працу. Бязладдзе ў школе ў элементарных рэчах. <...> У школе нельга з дзяцей здзекавацца. Мы ж інвалідаў рыхтуем", — сказаў Лукашэнка.

Канкрэтныя даручэнні на гэты конт прэзідэнт даў 12 мая, прымаючы кадравыя рашэнні, а ўжо праз пяць дзён Міністэрства адукацыі паведаміла пра тое, што ўсе беларускія школы, дзе дзеці вучацца ў адну змену, з новага навучальнага года будуць пачынаць заняткі з 9 гадзін. Школы, якія працуюць у дзве змены, будуць пачынаць заняткі ў 8.30 або 9.00, у залежнасці ад навучальнага працэсу. "Калі навучальны працэс дазволіць другой змене заканчваць ўрокі не пазней за ўстаноўленыя 19.30, то гэтыя школы пяройдуць на час пачатку заняткаў у 9 гадзін. Рашэнне застаецца на меркаванне адміністрацый школ, — зазначылі ў прэс-службе Міністэрства. — Самае галоўнае, што павінны ведаць бацькі: тыя дзеці, якіх прывозяць у школу рана, ні ў якім разе не застануцца без нагляду. Школы будуць працаваць з 7.00 і з 8.30, дзяцей будуць сустракаць дзяжурныя педагогі або псіхолагі і зоймуць іх рознымі цікавымі заняткамі".
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН