Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/26/904834_904835/
Дата раздрукоўкі: 19.10.2019 12:38
26.05.2017 13:51 Грамадства, Эканоміка

У Беларусі створаны інстытут нацыянальнага каардынатара па дасягненні Мэтаў устойлівага развіцця

Мінск, 26 мая. У Беларусі створаны інстытут нацыянальнага каардынатара па дасягненні Мэтаў устойлівага развіцця. Гэта прадугледжана ўказам № 181, які Аляксандр Лукашэнка падпісаў 25 мая.

Нацыянальным каардынатарам па дасягненні Мэтаў устойлівага развіцця прызначаная намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Марыяна Шчоткіна, паведаміла прэс-служба ўрада.

Стварэнне інстытута нацыянальнага каардынатара па дасягненні Мэтаў устойлівага развіцця "сведчыць аб імкненні Беларусі да дасягнення Мэтаў устойлівага развіцця, узгодненых кіраўнікамі дзяржаў свету на саміце ААН 2015 года", адзначыла прэс-служба.

На саміце па ўстойлівым развіцці, які прайшоў 25 верасня 2015 года, дзяржавы — члены ААН прынялі парадак дня ў галіне ўстойлівага развіцця да 2030 года, які ўключае 17 Мэтаў устойлівага развіцця, накіраваных на ліквідацыю беднасці, барацьбу з няроўнасцю і несправядлівасцю, а таксама на вырашэнне праблем, звязаных з кліматычнымі зменамі.

Мэты ўстойлівага развіцця змянілі восем Мэтаў развіцця тысячагоддзя, да дасягнення якіх свет імкнуўся да 2015 года. Прынятыя ў 2000 годзе Мэты развіцця тысячагоддзя былі накіраваны на вырашэнне шэрагу пытанняў, у тым ліку скарачэнне ўзроўню галечы, голаду, хвароб, гендарнай няроўнасці, а таксама на вырашэнне праблемы агульнага доступу да вады і санітарыі.

Як адзначае прэс-служба ААН, новыя глабальныя мэты і больш шырокая праграма па ўстойлівым развіцці ў сваіх задачах ідуць значна далей, чым Мэты развіцця тысячагоддзя, звяртаючыся да карэнных прычын галечы і ўсеагульнай неабходнасці развіцця, якая мае вырашальнае значэнне для ўсяго чалавецтва.

Гаворачы аб новых задачах, адміністратар ПРААН Хелен Кларк адзначыла: "Гэта пагадненне пазначае сабою важны этап на шляху інклюзіўнага і ўстойлівага свету. Калі мы будзем працаваць разам, мы зможам прывесці наша грамадства да міру, росквіту і дабрабыту і захаваць нашу планету".
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН