Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/26/904841_904842/
Дата раздрукоўкі: 15.11.2019 00:38
26.05.2017 13:32 Грамадства

Лукашэнка заклікаў моладзь шукаць шчасця на радзіме

Мінск, 26 мая. Падчас наведвання СШ № 61 у Мінску Аляксандр Лукашэнка заклікаў моладзь шукаць шчасця перш за ўсё на радзіме. "Менавіта пад нашым небам — Беларусі — вы зможаце быць у поўнай ступені шчаслівымі і ажыццявіць сваю мару", — заявіў ён.

Паводле слоў Лукашэнкі, можна, вядома, з'ехаць за мяжу, як робяць некаторыя. "Мы нікога не ўтрымліваем", — дадаў ён. Але, як паказвае практыка, потым можа быць досыць складана зноў інтэгравацца ў родную краіну, знайсці сваё месца ў грамадстве, дадаў кіраўнік дзяржавы.

"Галоўнае — гэта твая зямля, на якой ты нарадзіўся. Таму я вам раю не як прэзідэнт, а як чалавек: не губляйце сваёй зямлі! Жывіце на ёй і старайцеся зрабіць нешта для той зямлі, на якой вы нарадзіліся. Для тых людзей, дзякуючы якім вы, магчыма, станеце вялікімі і лідарамі, — цытуе прэзідэнта яго прэс-служба. — Вы — наша надзея, багацце краіны, і мы абавязаны зрабіць і будзем рабіць усё для таго, каб вы прыжыліся на гэтай зямлі, каб вы шанавалі гэтую зямлю і абаранялі".

Паводле слоў Лукашэнкі, ініцыятары перспектыўных і цікавых маладзёжных праектаў заслугоўваюць падтрымкі і павагі. "Гэтыя людзі робяць тое вялікае, што падымае краіну, што напаўняе зместам усё наша жыццё. Калі будуць рэалізаваны гэтыя і іншыя праекты, яны прынясуць сусветную славу Беларусі", — сказаў ён.

"Аляксандр Лукашэнка расказаў школьнікам аб якасцях сапраўднага лідара і заклікаў цаніць час, — паведамляе прэс-служба. — Ён падкрэсліў, што лідарскія якасці патрэбныя ў самых розных сферах, ці то кіраванне краінай, ці то канкрэтная вытворчасць". "Вы можаце быць лідарамі і ў працоўных калектывах. Сапраўдны лідар — гэта не толькі кіраўнік буйнога прадпрыемства, старшыня гар-, райвыканкама ці кіраўнік урада і прэзідэнт. Сапраўдны лідар — ён заўсёды лідар і ў калектыве. Вельмі спадзяюся, што вы і ёсць такія людзі", — дадаў кіраўнік дзяржавы.

На яго думку, у краіне створаны ўсе ўмовы, каб жыццёвая дарога маладых людзей была паспяховай, а "сістэма адукацыі дазваляе зрабіць свядомы выбар прафесіі і рэалізаваць тыя здольнасці", якімі яны валодаюць.

Лукашэнка параіў школьнікам "не губляць марна каштоўны час". "У жыцці трэба рабіць усё ў свой час. Калі вы цяпер не зробіце тое, што павінны, — атрымаць веды, пабудаваць падмурак свайго жыцця ў цэлым, — заўтра ўжо будзе позна. Цяпер жыццё не тое, што ў вашых выкладчыкаў ці ў мяне. Раней яно было больш спакойным. Цяпер жыццё жудасна спрэсаванае. Калі ты страціш год, ты заўтра не навярстаеш. У цябе не будзе гэтага часу. Твае аднагодкі пойдуць наперад", — адзначыў ён.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН