Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/26/904895_904896/
Дата раздрукоўкі: 30.03.2020 08:09
26.05.2017 16:10 Грамадства

Прынята Дзяржаўная праграма па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй на 2017—2019 гады

Мінск, 26 мая. Дзяржаўная праграма па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй на 2017—2019 гады прынята на пасяджэнні 16-й рэспубліканскай каардынацыйнай нарады па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй, якая прайшла ў Генеральнай пракуратуры 26 мая.

Як паведамілі ў Генпракуратуры, мэтай праграмы з'яўляецца зніжэнне ўзроўню і пазітыўнае змяненне структуры злачыннасці ў краіне з дапамогай удасканалення дзейнасці дзяржаўных і грамадскіх структур па папярэджанні супрацьпраўных паводзін, спыненні злачынстваў і карупцыйных праяў, ліквідацыі іх негатыўных наступстваў.

Праграма накіравана на вырашэнне ў тым ліку такіх задач, як маніторынг і прагназаванне стану і структуры злачыннасці і карупцыі ў мэтах прадухілення негатыўных змяненняў, якія ствараюць пагрозу нацыянальнай бяспецы; забеспячэнне эфектыўнага функцыянавання і далейшага ўдасканалення сістэмы прафілактыкі правапарушэнняў; павышэнне выніковасці антыкрымінальнай палітыкі, узроўню эканамічнай і грамадскай бяспекі; укараненне інавацый, перадавога вопыту ў сферы процідзеяння супрацьпраўным паводзінам; рост узроўню правасвядомасці і прававой культуры насельніцтва.

У якасці вынікаў рэалізацыі праграмы спецыялісты прагназуюць недапушчэнне негатыўных структурных змяненняў злачыннасці і карупцыі; паляпшэнне стану законнасці і правапарадку, грамадскай і эканамічнай бяспекі; скарачэнне сацыяльнай шкоды, у тым ліку гібелі грамадзян ад злачынных замахаў.

Ва ўступным слове генеральны пракурор Аляксандр Канюк адзначыў, што адной з найважнейшых задач органаў пракуратуры з'яўляецца каардынацыя праваахоўнай дзейнасці дзяржаўных органаў, якія ажыццяўляюць барацьбу са злачыннасцю і карупцыяй, а таксама дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў. Забяспечыць належную каардынацыйную працу праваахоўных органаў — прамое ўказанне кіраўніка дзяржавы.

Адным з механізмаў рэалізацыі гэтых даручэнняў з'яўляецца распрацоўка, зацвярджэнне і выкананне арганізацыйна-практычных мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй.

Канюк падкрэсліў, што ў 2014—2016 гадах адзначалася стабілізацыя колькасці асабліва цяжкіх злачынстваў супраць асобы і ўласнасці. Зменшылася ўдзельная вага рэцыдыўнай злачыннасці і злачынстваў, учыненых у стане алкагольнага ап'янення. Разам з тым узрасла колькасць махлярстваў, незаконных дзеянняў у дачыненні да агнястрэльнай зброі, у сферы эканомікі. Павялічылася сума шкоды, прычыненай злачынствамі.

Стан і асаблівасці развіцця крымінагеннай сітуацыі, як адзначаюць у Генпракуратуры, патрабуюць адэкватнага рэагавання на выклікі і пагрозы грамадскай і эканамічнай бяспекі, выпрацоўкі і рэалізацыі эфектыўных мер па ліквідацыі прычын і ўмоў учынення злачынстваў.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН