Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/26/904977_456987/
Дата раздрукоўкі: 24.02.2020 21:08
26.05.2017 21:40 Грамадства

Лукашэнка: Беларускай мовы ў нашым быце не хапае

Мінск, 26 мая. Аляксандр Лукашэнка выступае супраць навязвання вучням нейкай дзяржаўнай мовы. Пра гэта ён заявіў 26 мая падчас наведвання СШ № 61 у Мінску, паведаміла прэс-служба прэзідэнта.

"Я катэгарычны праціўнік навязвання вучням нейкай дзяржаўнай мовы (у нас іх дзве — руская і беларуская), — сказаў Лукашэнка, адказваючы на пытанне аб вывучэнні гістарычных прадметаў у школе на беларускай мове. — Чалавек сам павінен вызначыцца, на беларускай ці рускай ён будзе вывучаць. Калі вы мяне запытаеце, а я як хацеў бы? Я хацеў бы, каб гэтыя прадметы вывучаліся на беларускай мове. Мы больш маем зносіны, у тым ліку ў быце, на рускай мове. Беларускай мовы ў нашым быце не хапае. Дрэнна гэта ці добра? Не ведаю. Не думаю, што гэта катастрофа".

Паводле слоў Лукашэнкі, многія лічаць рускую мову выключна расійскай, але такі падыход памылковы. "Гэта наша мова — мы на гэтай мове стагоддзямі размаўлялі. Мова — гэта жывое. Цяперашняя руская мова ўдасканальвалася са стагоддзя ў стагоддзе. Яна стала такой дзякуючы таму, што мы ўклалі ў яе душу, рускія людзі ўклалі ў яе душу, і ўкраінцы не менш. І нават тыя народы, якія менш нашага размаўлялі на рускай мове. Мы гінулі за гэтую мову. Гэта наша руская мова. Гэта вялікі здабытак", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

"Праўда ў тым, што ў нас ёсць і другая мова, якая нас адрознівае ад іншых народаў, — дадаў ён. — Бо дзяржава і народ маюць пэўныя асаблівасці, у тым ліку сваю мову. Калі ў народа свая мова, значыць гэта — народ. У нас такіх дзве, мы багатыя", — сказаў Лукашэнка.

Пры гэтым ён не з'яўляецца прыхільнікам штучнага насаджэння мовы — інакш можа ўзнікнуць адарванне. "З-за неразумення моўных праблем часта войны пачыналіся. Нам гэта не патрэбна", — заявіў Лукашэнка.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН