Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/27/904896_904897/
Дата раздрукоўкі: 24.02.2020 20:52
27.05.2017 09:09 Грамадства

Сёння ў Мінску пройдзе дабрачынная акцыя "Забег тысячы сэрцаў" у дапамогу хворым дзецям

Мінск, 27 мая. Сёння ў Мінску адбудзецца масавая дабрачынная акцыя "Забег тысячы сэрцаў", падчас якой кожны жадаючы зможа дапамагчы дзецям з праблемамі сэрца і сасудаў. Вакол спартыўнага комплексу "Мінск-Арэна" прабягуць сотні чалавек — вядомыя спартсмены, міністры, медыкі, зоркі шоу-бізнесу, грамадскія дзеячы і проста неабыякавыя людзі.

Як паведамілі ў Міністэрстве аховы здароўя, прабегчы плануюць першы віцэ-прэзідэнт НАК Андрэй Асташэвіч, міністр аховы здароўя Валерый Малашка, першы намеснік міністра аховы здароўя Дзмітрый Піневіч, намеснік старшыні Мінгарвыканкама Ігар Юркевіч і іншыя. Кампанію ім складуць спецыялісты РНПЦ дзіцячай хірургіі, якія праводзяць складаныя аперацыі на дзіцячым сэрцы.

Папярэдняя рэгістрацыя для ўдзелу ў забегу не патрэбная. Старт запланаваны на 12 гадзін. Бегунам прапануецца закальцаваны маршрут у выглядзе сэрца. Працягласць круга складзе 1,1 км, а колькасць кругоў кожны зможа выбраць самастойна: хтосьці адолее 10 "сэрцаў", а камусьці будзе дастаткова аднаго.

Каб дапамагчы дзецям з сардэчна-сасудзістымі захворваннямі, трэба ўзяць з сабой у забег смартфон, зафіксаваць адлегласць з дапамогай любога фітнес-дадатку і выкласці ў сацыяльныя сеткі ў выглядзе скрыншота з хештэгам #velcombegom або #велкомбегом. Усе кіламетры, якія прабягуць удзельнікі, мабільны аператар velcom перавядзе ў грошы з разліку 4 рублі за кіламетр.

Удзельнікі без смартфона таксама могуць зрабіць свой унёсак — трэба звярнуцца да арганізатараў перад стартам. Сродкі будуць накіраваны ў РНПЦ дзіцячай хірургіі. Усе бегуны атрымаюць памятныя медалі.

27 і 28 мая любы беларус у любым пункце свету можа прабегчы са смарфоном і зафіксаваць свой вынік. За кожны замежны кіламетр беларускім дзецям будзе пералічана па 2 рублі. Тыя, хто змогуць прабегчы дыстанцыю ў форме сэрца, збяруць удвая больш — па 4 рублі з кіламетра.

Акцыю "Забег тысячы сэрцаў" праводзіць кампанія velcom пры падтрымцы Міністэрства аховы здароўя і Нацыянальнага алімпійскага камітэта. Ініцыятыва накіравана на дапамогу дзецям, папулярызацыю здаровага ладу жыцця і развіццё бегавой культуры ў Беларусі.
Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН