Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/27/905004_12345/
Дата раздрукоўкі: 24.02.2020 20:48
27.05.2017 15:36 Грамадства, Спорт

Сотні чалавек узялі ўдзел у забегу ў дапамогу дзецям з захворваннямі сэрца, які прайшоў каля "Мінск-Арэны"

Мінск, 27 мая. Сотні чалавек, у тым ліку спартсмены, артысты, грамадскія і дзяржаўныя дзеячы, узялі ўдзел у забегу ў дапамогу дзецям з захворваннямі сэрца, які прайшоў 27 мая каля комплексу "Мінск-Арэна". Дыстанцыю кожнага ўдзельніка кампанія velcom перавядзе ў грошы з разліку 4 рублі за 1 км і накіруе ў РНПЦ дзіцячай хірургіі, распавялі ў прэс-службе мабільнага аператара.

Маршрут быў пракладзены ў выглядзе каляровага сэрца вакол "Мінск-Арэны". Працягласць круга склала 1,1 км, прычым іх колькасць кожны ўдзельнік мог выбраць самастойна. Хтосьці абмежаваўся адным колам, а некаторыя ўдзельнікі абеглі вакол спарткомплексу больш за дзясятак разоў.

У забегу ўдзельнічалі прафесійныя спартсмены, аматары бегу і проста неабыякавыя мінчане. У дапамогу дзецям таксама прабеглі медыкі — спецыялісты РНПЦ дзіцячай хірургіі, якія праводзяць складаныя аперацыі на сэрцы.

Разам з усімі пераадолеў круг і міністр аховы здароўя Валерый Малашка. "Атрымаў добры настрой на ўсе выходныя. Бегчы дапамагаў зарад тысячы сэрцаў, якія аб`ядналіся ў адзіным парыве. Бегчы было цяжка, бо складана знаходзіць час на спорт на міністэрскай працы, аднак рэгулярна займаюся плаваннем. Пры гэтым прытрымліваюся прынцыпу" 10 тыс. крокаў на дзень". У цэлым здаровы лад жыцця робіцца ўсё больш папулярным у Беларусі", — прыводзяцца ў паведамленні словы кіраўніка Міністэрства аховы здароўя.

Кампанію міністру склаў першы віцэ-прэзідэнт НАК Андрэй Асташэвіч, які часта бярэ ўдзел у такіх мерапрыемствах. "Не змог адмовіцца і гэтым разам, вырашыў сваім прыкладам паказаць, што трэба дапамагаць дзецям. А калі гаварыць у цэлым, то ў краіне трэба развіваць масавыя віды спорту", — растлумачыў ён.

Таксама ў забегу ўзялі ўдзел першы намеснік міністра аховы здароўя Дзмітрый Піневіч і намеснік старшыні Мінгарвыканкама Ігар Юркевіч.

Усе ўдзельнікі незалежна ад выніку атрымалі памятныя медалі.

"Забег тысячы сэрцаў" праводзіць кампанія velcom пры падтрымцы Нацыянальнага алімпійскага камітэта і Міністэрства аховы здароўя. Акцыя скіраваная на дапамогу дзецям, папулярызацыю здаровага ладу жыцця і развіццё бегавой культуры ў Беларусі.

27 і 28 мая беларусы ва ўсім свеце таксама могуць бегаць у дапамогу дзецям з захворваннямі сэрца і сасудаў. Для гэтага трэба ўзяць на забег смартфон, зафіксаваць адлегласць з дапамогай любога фітнес-прыкладання і выкласці ў сацыяльныя сеткі ў выглядзе скрыншота з хэштэгам #velcombegom або #велкомбегом. Усе кіламетры ў гэтым выпадку velcom перавядзе ў грошы з разліку 2 рублі за 1 км.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН