Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/27/eu_eu_905001_12345/
Дата раздрукоўкі: 24.02.2020 20:04
27.05.2017 14:53 Палітыка, Эканоміка, Беларусь — Eўрасаюз

Віцэ-міністр энергетыкі Літвы: Я не ведаю, куды Беларусь будзе пастаўляць электраэнергію са сваёй АЭС

Мінск, 27 мая. Нават два рэактары Беларускай АЭС, якія будуюцца цяпер, могуць быць залішнімі для Беларусі, і незразумела, куды будзе пастаўляцца электраэнергія, заявіў віцэ-міністр энергетыкі Літвы Сімонас Шатунас.
Так ён пракаментаваў словы пасла Расіі ў Беларусі Аляксандра Сурыкава, які 26 мая пры наведванні пляцоўкі БелАЭС заявіў, што ў будучыні на Беларускай атамнай станцыі ў Астраўцы (Гродзенская вобласць) могуць быць устаноўленыя яшчэ два рэактары.

"Літва рэалізуе свой закон, не будзе ўпускаць электраэнергію з небяспечнай АЭС, таму я сапраўды не ведаю, куды, за выключэннем, магчыма, расійскага ўнутранага рынку, Беларусь будзе пастаўляць гэтую электрычнасць. Ужо і зараз папярэднія падлікі паказваюць, што і цяперашнія два рэактары, якія будуюцца,  — гэта зашмат. У такім выпадку электраэнергія будзе прадавацца на ўнутраны расійскі рынак, бо гэта інтэграваныя сістэмы", — прыводзіць Delfi.lt словы Сімонаса Шатунаса агенцтву BNS.

Акрамя таго, паводле слоў віцэ-міністра, усё яшчэ не ясна, якая будзе цана электраэнергіі з гэтай АЭС. Беларусь не падае канкрэтных разлікаў. Шатунас таксама звяртае ўвагу на пытанне аб сховішчах адпрацаванага ядзернага паліва. Ён сказаў, што калі сховішчы не ўключаныя ў цяперашнюю цану, то гэта азначае, што яна будзе яшчэ вышэйшай.

"Перапрацоўка атамных адходаў, як сведчыць шведскі вопыт, незвычайна дарагая, і часам складае ледзь не палову выдаткаў на развіццё самой атамнай станцыі. Ці ўключаныя гэтыя выдаткі, калі не, якая рэальная камерцыйная цана гэтай станцыі?" — растлумачыў віцэ-міністр энергетыкі Літвы.

Як паведамляў БелаПАН, падчас наведвання дыпламатамі пляцоўкі БелАЭС 26 мая пасол Расіі Аляксандр Сурыкаў расказаў, што на этапе распрацоўкі праекта будаўніцтва БелАЭС з двума энергаблокамі сумарнай магутнасцю 2.400 МВт разглядалася магчымасць у перспектыве яе магутнасць падвоіць. Пакуль што, сказаў Сурыкаў, Беларусь і Расія — як праекціроўшчык і генпадрадчык будаўніцтва — да гэтага пытання не вярталіся.

Сурыкаў таксама заявіў, што Расія "з некаторай доляй усмешкі" ўспрымае крытыку з боку Літвы будаўніцтва Беларускай АЭС. "Чым рухаецца Літва ва ўсіх сваіх гэтых апаненцкіх справах? — задаў пытанне Сурыкаў. — Не сакрэт, што тут побач задумвалася будаўніцтва Вісагінскай атамнай станцыі — на замену Ігналінскай, якая выводзіцца з эксплуатацыі і размешчаная таксама побач, недалёка ад мяжы з Беларуссю. Тэхналогіі былі японскія, але пасля аварыі на Фукусіме інвестараў на японскія тэхналогіі не знайшлося, і гэты праект пакуль на дадзеным этапе заваліўся. А гэта вялікая эканамічная страта для Літвы, таму што гэты аб`ект нёс бы невялікай краіне прырост ВУП прыкладна на 20—30%, а то і да 50%, і паляпшаў бы сацыяльны настрой у грамадстве, у тым ліку і ўзровень жыцця".

"Страціўшы гэты аб`ект, кіраўніцтва Літвы, палітыкі, безумоўна, абураныя ў сваіх лепшых пачуццях. Таму ў гэтай сітуацыі [з будаўніцтвам БелАЭС] выступаюць, усяляк апануючы ўзвядзенню гэтай станцыі. У гэтым галоўная прычына, а не ў нечым іншым", — перакананы расійскі дыпламат.

Пляцоўку АЭС 26 мая наведвалі паслы Вялікабрытаніі, Германіі, ААЭ, Палесціны, Расіі, Румыніі, Сербіі, Туркменістана, Турцыі і Украіны. У паездцы таксама ўдзельнічалі прадстаўнікі яшчэ 13 дыпламатычных місій і прадстаўніцтва ЕС у Беларусі.

Пасольства Літвы, якая негатыўна ставіцца да будаўніцтва АЭС ля сваёй мяжы, напярэдадні візіту на станцыю давяло да ведама беларускага МЗС, што яго прадстаўнік наведваць будпляцоўку не будзе.

Беларуская АЭС узводзіцца за кошт крэдыту Расіі, а для яе будаўніцтва абраны праект АЭС-2006 — тыпавы расійскі праект атамнай станцыі новага пакалення, у якім выкарыстоўваецца вода-вадзяны энергетычны рэактар ВВЭР-1200. Першая пастаўка ядзернага паліва на БелАЭС чакаецца ў канцы 2018 года. Увод у эксплуатацыю першага энергаблока запланаваны на 2019 год, другога — на 2020-ты.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН