Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/29/905098_445569/
Дата раздрукоўкі: 14.12.2019 06:27
29.05.2017 11:39 Эканоміка

Зіноўскі: Выкарыстаны не ўвесь патэнцыял для замацавання росту эканомікі, які акрэсліўся

Мінск, 29 мая. На гэты момант выкарыстаны "не ўвесь патэнцыял для замацавання станоўчага трэнду росту эканомікі краіны, які акрэсліўся", заявіў міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі 26 мая на пасяджэнні круглага стала па ацэнцы макраэканамічных паказчыкаў 2017 года.

"Пошук рэзерваў росту — гэта не толькі пытанне Міністэрства эканомікі, але і ўсіх органаў дзяржаўнага кіравання. Для яго вырашэння вельмі важна аператыўна ацэньваць сітуацыю і працаваць на апярэджанне: хутка вызначаць фактары стрымлівання і процідзейнічаць ім", — цытуе Зіноўскага прэс-служба Міністэрства эканомікі. У сувязі з гэтым, паводле яго слоў, неабходна ўзмацніць эфектыўнасць узаемадзеяння Мінэканомікі з эканамічнымі службамі міністэрстваў, канцэрнаў і аблвыканкамаў.

На пасяджэнні, адзначылі ў прэс-службе, была абмеркаваная "наяўная эканамічная сітуацыя і ацэнка года па асноўных відах эканамічнай дзейнасці, а таксама фактары, якія ўплываюць на дынаміку развіцця эканомікі". Круглыя сталы па ацэнцы наяўнай макраэканамічнай сітуацыі будуць праводзіцца ў міністэрстве штомесяц.

Згодна з зацверджаным на 2017 год прагнозам сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі, рост ВУП паводле вынікаў года павінен скласці 1,5%, рэальныя наяўныя грашовыя даходы — вырасці на 1,2%, інфляцыя — не перавысіць 9%.

Паводле звестак Белстата, у студзені—красавіку 2017 года ў параўнанні з аналагічным леташнім перыядам ВУП вырас на 0,5%. У студзені—сакавіку ў параўнанні са студзенем—сакавіком 2016 года прырост склаў 0,3%. Між тым у студзені эканоміка скарацілася на 0,5%, у студзені—лютым — на 1%. Рэцэсія доўжылася два гады. Выхад на станоўчую дынаміку ВУП эксперты звязваюць са значным ростам экспарту беларускіх тавараў і дасягненнем нафтагазавых дамоўленасцяў з Расіяй.

Намеснік прэм'ер-міністра Уладзімір Сямашка, размаўляючы з журналістамі 23 мая, сярод асноўных пунктаў росту беларускай прамысловай вытворчасці назваў павелічэнне паставак расійскай нафты, а таксама прадукцыю машынабудаўнічага комплексу і дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН