Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/29/905106_589647/
Дата раздрукоўкі: 11.12.2019 23:33
29.05.2017 12:14 Грамадства, Палітыка

Праваабаронцы: Умовы ўтрымання арыштаваных удзельнікаў дэманстрацый у Мінску не адпавядалі замацаваным у Канстытуцыі абавязацельствам дзяржавы

Мінск, 29 мая. Умовы ўтрымання адміністрацыйна арыштаваных удзельнікаў мірных дэманстрацый у Мінску супярэчаць абавязацельствам дзяржавы, замацаваным у Канстытуцыі Беларусі і міжнародных дакументах. Пра гэта гаворыцца ў аналітычным аглядзе, падрыхтаваным беларускімі праваабаронцамі і апублікаваным на сайце spring96.org.

"Такія ўмовы ўтрымання мелі форму жорсткага, бесчалавечнага, прыніжальнага абыходжання, што забаронена Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах і Канвенцыяй супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных альбо прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання", — падкрэсліваюць праваабаронцы.

Апісанне ўмоў утрымання і статыстычная інфармацыя прыводзяцца на падставе апрацоўкі апытання асобаў, якія звярнуліся ў грамадскую прыёмную ліквідаванага ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна". Былі апытаныя 130 чалавек, што адбывалі адміністрацыйны арышт з 15 сакавіка па 19 красавіка. Адміністрацыйна затрыманыя і арыштаваныя ўтрымліваліся ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Мінгарвыканкама (ЦІП) і ў ІЧУ ГАУС Жодзіна.

Так, 82,6% тых, хто знаходзіліся ў ЦІП, адзначылі, што адміністрацыя ў парушэнне правілаў унутранага распарадку не знаёміла прыбылых грамадзян з іх правамі і абавязкамі, рэжымам утрымання, парадкам падавання хадайніцтваў, заяў і скаргаў або рабіла гэта фармальна, з-за чаго ў затрыманых былі складанасці з разуменнем іх правоў і абавязкаў (такіх 9%).

Пры паступленні ў ІЧУ ГАУС Жодзіна правы затрыманым не тлумачыліся ў 60% выпадкаў, няпоўнымі і няяснымі правы былі для 10% апытаных.

Выклікае асцярогі фармальнае стаўленне адміністрацыі месцаў адбывання адміністрацыйнага арышту да працэдуры медыцынскага агляду грамадзян, якія паступілі, адзначаецца ў аглядзе.

У ЦІП 33% новапрыбылых не прайшлі працэдуру медыцынскаму агляду зусім, 23% былі апытаныя медыцынскім работнікам. Пры паступленні ў ІЧУ ГАУС Жодзіна працэдура медыцынскага агляду не праводзілася ў 35% выпадкаў. Былі апытаныя на наяўнасць скаргаў на стан здароўя 30%.

У 17% выпадкаў адміністрацыя ЦІП ігнаравала просьбы адміністрацыйна арыштаваных аб выкліку брыгады хуткай меддапамогі. У ІЧУ ГАУС Жодзіна было адмоўлена ў медыцынскай дапамозе 13% рэспандэнтам.

У 78,7% выпадкаў у ЦІП і ў 75% выпадкаў у жодзінскім ІЧУ адміністрацыя не інфармавала блізкіх і родных затрыманых аб іх затрыманні.

На санітарны стан камер скардзіліся 52% (ЦІП) і 63,3% (ІЧУ Жодзіна) апытаных.

Беларускія праваабаронцы рэкамендуюць Міністэрству ўнутраных спраў ініцыяваць змяненне правілаў унутранага распарадку месцаў адбыцця адміністрацыйнага арышту, зрабіць іх больш адаптаванымі да чалавечых патрэбаў, каб кожны мог рэалізаваць свае правы, а таксама не зведваў жорсткага і зневажальнага стаўлення.

Галоўнаму дзяржаўнаму санітарнаму ўрачу Міністэрства аховы здароўя рэкамендуецца правесці праверку санітарных умоў месцаў адбывання адміністрацыйнага арышту.

Пракуратуры рэкамендавана правесці праверку месцаў адбывання адміністрацыйнага арышту з указаннем нормаў іх напаўняльнасці, праверыць магчымасць і даступнасць для адміністрацыйна арыштаваных абскарджання дзеянняў супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і судовых пастаноў, ліквідаваць перашкоды для доступу адвакатаў да адміністрацыйна арыштаваных.

Гэтыя рэкамендацыі праваабаронцы плануюць накіраваць у адпаведныя ведамствы.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН