Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/29/905164_12345/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 03:38
29.05.2017 14:51 Грамадства

Лукашэнка даручыў не шкадаваць сродкаў на правядзенне парада да Дня Незалежнасці (абноўлена)

Мінск, 29 мая. Аляксандр Лукашэнка даручыў правесці парад да Дня Незалежнасці на высокім узроўні і не шкадаваць на гэта сродкаў, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

"Мы прынялі рашэнне, што праводзім парад сёлета. Сродкаў на гэта шкадаваць не трэба, тым больш яны не такія ўжо і вялікія. Ён павінен быць сапраўдным парадам, уражлівым. Для гэтага і праводзіцца. Гэта дэманстрацыя, мы паказваем людзям, што мы нездарма ядзім ваенны хлеб", — заявіў Лукашэнка, заслухоўваючы 29 мая даклад міністра абароны Андрэя Раўкова аб правядзенні ваеннага парада да дзяржаўнага свята.

Паводле яго слоў, народ павінен бачыць, што такое беларуская армія, чым яна займаецца, што знаходзіцца на ўзбраенні. "І ўбачыць твар сваіх абаронцаў, салдат Узброеных сіл. Не толькі войска, але і памежнікаў, і МУС, і МНС", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

На парадзе, адзначыў ён, неабходна прадэманстраваць сучасныя ўзоры цывільнай тэхнікі, якія вырабляюцца ў краіне. "Мяне турбуе, што нашы людзі (не ўсе, а значная частка) не ведаюць, чым жыве цывільная Беларусь, што мы ствараем нават у гэтыя складаныя, няпростыя часы. Бо ёсць што паказаць, і гэта надоўга застаецца ў памяці людзей", — лічыць Лукашэнка.

Раўкоў паведаміў, што правядзенне парада ў гонар Дня Незалежнасці "падтрымліваецца большасцю насельніцтва, паколькі грамадзянам цікава ўбачыць навінкі беларускай вайсковай тэхнікі і ўзбраення". Акрамя таго, дадаў міністр, "гэта падзея з'яўляецца асаблівым і для вайскоўцаў: яны лічыць гонарам прыняць удзел у ім".

Па выніках сустрэчы прынятае рашэнне правесці парад сёлета "па асаблівым сцэнары" — каб ён не стаў шараговым паказным мерапрыемствам. "У прыватнасці, будзе павялічаная колькасць пешых каробак парадных разлікаў за кошт асобных механізаваных брыгад і тэрытарыяльных войскаў, а таксама колькасць каробак механізаванай калоны. Пасля заканчэння ўрачыстага шэсця частку ваеннай тэхнікі плануецца пакінуць на вуліцах Мінска, каб гараджане і госці сталіцы змаглі разглядзець яе бліжэй", — паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

У Дзень Незалежнасці ў горадзе таксама будзе дэманстравацца найноўшая грамадзянская тэхніка, якая вырабляецца ў Беларусі.

Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь афіцыйна адзначаюць 3 ліпеня.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН