Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/30/905269_458796/
Дата раздрукоўкі: 21.10.2018 16:15
30.05.2017 11:11 Спорт, Фінансы

Лукашэнка прапаноўвае скараціць расходы НАК на чвэрць

Мінск, 30 мая. Аляксандр Лукашэнка прапаноўвае скараціць расходы Нацыянальнага алімпійскага камітэта (НАК) на чвэрць. Пра гэта ён заявіў сёння на пасяджэнні справаздачна-выбарнага Алімпійскага сходу пасля свайго абрання прэзідэнтам НАК.
Лукашэнка лічыць, што для спартсменаў у Беларусі робяць усё неабходнае, але належнай аддачы няма. "У галіне па-ранейшаму не вырашаныя шэраг значных пытанняў. Спорт як найважнейшы ідэалагічны інструмент дзяржаўнай палітыкі так і не стаў для беларусаў крыніцай нацыянальнага гонару і натхнення. Для спартсменаў у нашай краіне робіцца ўсё неабходнае, але належнай аддачы няма", — цытуе прэзідэнта яго прэс-служба.

Беларускі кіраўнік таксама прапанаваў праверыць справаздачу рэвізійнай камісіі НАК. "Вы кажаце, што не было ніякіх парушэнняў, усё было нармальна", — сказаў ён, адзначыўшы, што "былі пытанні, звязаныя з правільнасцю і адпаведнасцю заканадаўству будаўніцтва, у прыватнасці ў горадзе Гомелі". "Нельга на вачах у прэзідэнта дапускаць такіх вось агульных дакладаў рэвізійнай камісіі. У рэшце рэшт, гэта велізарныя грошы. І трэба паглядзець, хто куды ў камандзіроўкі ездзіў, ці можна было туды не ехаць", — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Сёння Лукашэнка чарговым разам пераабраны прэзідэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі. Раней ён абіраўся прэзідэнтам НАК у 1997, 2001, 2004, 2010 і 2012 гадах.

Першым віцэ-прэзідэнтам НАК абраны заслужаны майстар спорту Андрэй Асташэвіч, віцэ-прэзідэнтамі сталі рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, намеснік старшыні Беларускай федэрацыі гандбола Сяргей Рэпкін і старшыня асацыяцыі "Беларуская федэрацыя хакея" Сямён Шапіра. У склад новага выканкама НАК таксама ўвайшлі Дзмітрый Баскаў, Валянцін Баравок, Дзмітрый Піневіч, Сяргей Румас, Іван Ціхан, Любоў Чаркашына, Юрый Швяцоў, Алег Шэпель, Антон Юспа.

На сустрэчы з кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Наталляй Качанавай 22 мая Лукашэнка даручыў да справаздачна-выбарнага Алімпійскага сходу завяршыць "працэс перафарматавання ў сферы спорту" і падрыхтаваць "глыбокі і ўсебаковы аналіз працэсаў, якія адбываюцца ў спартыўнай галіне". "Я гэтае пытанне вам даручаю для кантролю, таму што гэта галоўнае ідэалагічнае пытанне. Мы ніколі гэтага не хавалі. Найгалоўнейшая ідэалогія — гэта спорт. Спаборніцтвы спартыўныя глядзяць мільёны. Гэта — уздзеянне на людзей. І калі дрэнна гуляе каманда, такі і настрой у людзей, добра — гэта натхняе", — сказаў Лукашэнка.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН