Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/30/905282_225588/
Дата раздрукоўкі: 21.10.2018 16:05
30.05.2017 12:24 Спорт

Лукашэнка патрабуе не "маляваць" планы ў спорце без рэальнай ацэнкі шанцаў

Мінск, 30 мая. Недапушчальна "маляваць" у спорце планы для фінансавання без рэальнай ацэнкі шанцаў, заявіў Аляксандр Лукашэнка 30 мая на пасяджэнні справаздачна-выбарнага Алімпійскага сходу пасля свайго абрання прэзідэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэта (НАК).

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, кіраўніка дзяржавы праінфармавалі, што на бягучым і дэпазітным рахунках НАК знаходзіцца 85 тыс. долараў і прыблізна 3 млн долараў адпаведна. Гэтыя сродкі Лукашэнка даручыў накіраваць у першую чаргу на развіццё дзіцячага спорту.

Ён таксама заявіў, што мае намер праводзіць пашыранае пасяджэнне выканкама НАК штоквартальна. "Я для сябе вызначыў і вам абяцаю, што кожны квартал у нас будзе пашыраны выканкам пад кіраўніцтвам прэзідэнта. Не тыя 13 чалавек у кулуарах, а будзем праводзіць пашыранае пасяджэнне раз на квартал", — сказаў Лукашэнка.

Акрамя гэтага, штогод з удзелам кіраўніка дзяржавы будзе праходзіць выніковы сход НАК. На ім будуць разглядаць "самыя праблемныя і актуальныя пытанні", у тым ліку расходаванне заробленых грошай. "Мы будзем гэта кантраляваць істотна. Трэба дапамагчы нейкай федэрацыі — мы дапаможам, трэба дапамагчы нейкаму спартсмену (трапіў у цяжкую сітуацыю) — мы дапаможам, і нават былому. Гэта наша спартыўная сям'я, і мы павінны яе падтрымліваць", — заявіў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, "спорт, як найважнейшы ідэалагічны інструмент дзяржаўнай палітыкі, так і не стаў для беларусаў крыніцай нацыянальнага гонару і натхнення". "Для спартсменаў у нашай краіне робіцца ўсё неабходнае, але належнай аддачы няма", — падкрэсліў Лукашэнка.

Выступленні беларускай зборнай на Алімпіядзе ў Рыа-дэ-Жанейра ў 2016 годзе ён назваў правальнымі. "У цэлым выступленне каманды правальнае — 40-е месца ў медальным заліку. Хіба гэта адпавядае нашым ўкладанняў у спорт і ўвазе дзяржавы да гэтай сферы? Няма чаго шукаць апраўдання: наракаць на клімат, бразільскую неарганізаванасць і прадузятае судзейства. Бо ўсе разумелі, што Алімпіяда ў Рыа не турыстычная прагулка. Гэта найскладанейшы экзамен", — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН