Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/30/905295_905296/
Дата раздрукоўкі: 18.08.2018 11:20
30.05.2017 13:22 Эканоміка, Палітыка

У рэальны сектар беларускай эканомікі з краін ЦЕІ ў 2016 годзе паступіла больш за 800 млн долараў інвестыцый

Мінск, 30 мая. У 2016 годзе ў рэальны сектар беларускай эканомікі з 17 краін Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы паступіла больш за 800 млн долараў інвестыцый, у тым ліку прамых — 635 млн долараў, паведаміў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч 30 мая ў Мінску на пасяджэнні Парламенцкага камітэта ЦЕІ, перадае дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Ён адзначыў, што асноўнымі інвестыцыйнымі партнёрамі Беларусі па ЦЕІ выступаюць Аўстрыя, Польшча, Украіна і Чэхія.

Паводле слоў Мясніковіча, па выніках 2016 года на долю дзяржаў ЦЕІ прыходзілася 15,5% агульнага тавараабароту знешняга гандлю рэспублікі і 18,3% экспарту.

Ён адзначыў, што з краінамі ЦЕІ беларускімі кампаніямі створана 1.013 арганізацый. "Хоць у апошнія гады гэтая праца, у тым ліку і па павелічэнні іх статутных фондаў, шэрагам краін вядзецца недастаткова актыўна", — сказаў ён.

Як паведамляе прэс-служба Савета Рэспублікі, у Мінску праходзіць пасяджэнне Парламенцкага камітэта ЦЕІ на тэму "Інтэлектуалізацыя эканомікі ў рэгіёне ЦЕІ: інавацыйная вытворчасць, кіраванне і чалавечы капітал".

"Выбар тэмы пасяджэння абумоўлены тэндэнцыямі ў сучаснай эканоміцы — інтэлектуалізацыя тэхналогій, рост навукаёмістасці тавараў, істотнае павышэнне значэння дзейнасці, звязанай з вытворчасцю, перадачай, захоўваннем і выкарыстаннем ведаў, жорсткая канкурэнцыя, якая прыводзіць да неабходнасці пастаяннага ўкаранення інавацый. Па сутнасці — гэта глабальныя выклікі, вырашэнне якіх з`яўляецца важнай умовай захавання канкурэнтаздольнасці эканомік усяго свету", — гаворыцца ў паведамленні.

Удзельнікі пасяджэння абмяркоўваюць пытанні пашырэння выкарыстання інтэлектуальных інфармацыйных тэхналогій, садзейнічання пабудове лічбавай эканомікі, развіцця чалавечага капіталу і іншыя. У мерапрыемстве ўдзельнічаюць нацыянальныя дэлегацыі Аўстрыі, Беларусі, Балгарыі, Венгрыі, Італіі, Малдовы, Польшчы, Румыніі, Славакіі, Славеніі, Украіны, Харватыі.

Цэнтральна-Еўрапейская ініцыятыва была створана ў 1989 годзе для садзейнічання развіццю ўстойлівых сувязяў паміж дзяржавамі Цэнтральнай, Заходняй і Усходняй Еўропы ў галіне палітыкі, эканомікі і культуры, а таксама недапушчэнню стварэння новых раздзяляльных ліній у еўрапейскім рэгіёне. Сёння ў яе складзе 18 краін: Аўстрыя, Албанія, Беларусь, Балгарыя, Боснія і Герцагавіна, Венгрыя, Італія, Македонія, Малдова, Польшча, Румынія, Сербія, Славакія, Славенія, Украіна, Харватыя, Чарнагорыя, Чэхія.

Беларусь стала членам ЦЕІ ў чэрвені 1996 года. У 2017 годзе Беларусь з`яўляецца старшынёй ЦЕІ.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН