Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/30/905350_589647/
Дата раздрукоўкі: 31.07.2021 22:35
30.05.2017 14:52 Спорт

Лукашэнка паабяцаў садзейнічаць вырашэнню праблем беларускіх хакейных легіянераў у Расіі

Мінск, 30 мая. Аляксандр Лукашэнка, пераабраны 30 мая прэзідэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэта, паабяцаў сваё садзейнічанне ў вырашэнні праблем беларускіх хакейных легіянераў у Расіі.

Паводле інфармацыі дзяржаўнага агенцтва БелТА, галоўны трэнер мінскага "Юнацтва" Міхаіл Захараў сёння на Алімпійскім сходзе адзначыў, што адна з самых важных праблем у спорце — праблема легіянерства. "Сёння яна вельмі моцна гучыць у хакеі. Лепшыя хакеісты, якіх мы выхоўваем, мяняюць грамадзянства і з'язджаюць у Расію. Тая ж сітуацыя ствараецца сёння і ў нацыянальнай зборнай", — сказаў ён.

Паводле слоў Захарава, грамадзяне Беларусі і Казахстана лічацца ў Расіі легіянерамі. "Гэта няправільна, хоць паводле закону яны ўсе маюць права працаваць. Але чамусьці ў спартыўнай частцы... Напэўна, нехта недапрацаваў. Мы — Саюзная дзяржава", — падкрэсліў трэнер. Пры гэтым ён адзначыў, што ў Еўрасаюзе такія пытанні ўрэгуляваныя.

Лукашэнка пагадзіўся з тым, што сітуацыя з прававога пункта гледжання не абгрунтаваная. "Паспрабуем урэгуляваць гэтае пытанне. Думаю, для Расіі гэта не такая праблема. Як быццам яны, як з Канады ці ЗША, вялікі прыток спартсменаў атрымаюць з Беларусі", — адзначыў ён. "Гэтае пытанне ва ўрадзе трэба вывучыць, што там нам трэба і што я павінен зрабіць. Не першы раз гучыць гэтае пытанне", — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама звярнуў увагу на неабходнасць дакладна выконваць дагаворныя абавязацельствы ў адносінах са спартсменамі. "Мы рыхтуем спартсменаў. Нехта ж за гэта плаціць грошы, і вялікія. Добра, чаго мы будзем трымаць спартсмена, калі ён хоча недзе выступаць? Але, калі ласка, кампенсуй дзяржаве гэтыя расходы. А для гэтага трэба мець дагавор — кантракт з гэтым чалавекам, якога вы з дзіцячага садка гадуеце. А сілай утрымліваць — гэта ж не метад", — заявіў Лукашэнка.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239