Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/30/905418_12345/
Дата раздрукоўкі: 14.11.2019 12:48
30.05.2017 20:37 Спорт

Хацкевіч мае намер спагнаць кампенсацыю з БФФ за датэрміновае скасаванне кантракта праз спартыўны арбітражны суд Лазаны

Мінск, 30 мая. Былы галоўны трэнер нацыянальнай футбольнай зборнай Беларусі Аляксандр Хацкевіч мае намер спагнаць кампенсацыю з Беларускай федэрацыі футбола за датэрміновае скасаванне кантракта праз спартыўны арбітражны суд у Лазане (Швейцарыя). Пра тое, што Хацкевіч падаў апеляцыю на рашэнне футбольнага арбітражу БФФ па справе аб скасаванні кантракта ў гэтую міжнародную інстанцыю, паведаміў першы намеснік старшыні БФФ Сяргей Сафар'ян 30 мая на брыфінгу, відэа якога размешчанае на сайце федэрацыі.

У сярэдзіне красавіка футбольны арбітраж БФФ вынес рашэнне адносна іскавай заявы Хацкевіча аб прызнанні кантракта скасаваным у аднабаковым парадку без уважлівай прычыны. Аднак, спасылаючыся на юрыдычныя тонкасці, БФФ вердыкт не апублікавала. Хацкевіч і яго прадстаўнікі таксама адмовіліся раскрыць яго.

Нагадаем, Беларуская федэрацыя футбола датэрмінова скасавала кантракт (дзейнічаў да лістапада 2017 года) з Хацкевічам 6 снежня 2016 года. "У сувязі з нездавальняючымі вынікамі каманды на восеньскім адрэзку адбору да ЧС-2018 рулявому было прапанавана адкарэктаваць фінансавыя ўмовы кантракта ў бок паніжэння. З гэтай нагоды паміж кіраўніком БФФ Сяргеем Румасам і Аляксандрам Хацкевічам адбыўся дыялог, па выніках якога галоўны трэнер зборнай адмовіўся прыняць новыя абавязацельствы. У выніку было вырашана разарваць з Аляксандрам Хацкевічам пагадненне аб супрацоўніцтве", — гаварылася ў паведамленні прэс-службы БФФ.

Паводле неафіцыйных звестак, зарплата Хацкевіча згодна з першапачатковым ўмовам кантракта складала 240 тысяч еўра ў год.

Хацкевіч узначаліў зборную Беларусі ў снежні 2014 года, змяніўшы на гэтай пасадзе Андрэя Зыгмантовіча.

Пад кіраўніцтвам Хацкевіча ў адборачным цыкле чэмпіянату Еўропы-2016 беларусы атрымалі перамогі над Македоніяй, Люксембургам і Славакіяй, прайгралі іспанцам і ўкраінцам.

У адборачным цыкле чэмпіянату свету 2018 года каманда Хацкевіча згуляла ўнічыю з Францыяй, прайграла галандцам і балгарам, згуляла ўнічыю з Люксембургам.
Аляксандр Ванковіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН