Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/31/905437_558963/
Дата раздрукоўкі: 14.11.2019 12:16
31.05.2017 10:30 Грамадства

Шуневіч: Усё часцей грамадзяне аказваюць супраціў супрацоўнікам праваахоўных органаў

Мінск, 31 мая. Апошнім часам усё часцей супрацоўнікі органаў унутраных спраў трапляюць у сітуацыю, калі ім актыўны супраціў і непадпарадкаванне аказваюць грамадзяне. Так міністр унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч пракаментаваў журналістам інцыдэнт з затрыманнем міліцыяй мужчыны ў мінскім метро.
"У гэтым выпадку гэта быў тыповы варыянт. Асоба знаходзілася ў стане алкагольнага і наркатычнага ап'янення, — сказаў Шуневіч. — Гэта элемент нашай службовай дзейнасці. Вядома, хацелася б, каб такія выпадкі здараліся радзей, але мы ад іх нікуды не сыдзем. Дзеянні супрацоўніка былі паслядоўныя і законныя. Ён выканаў тую задачу, якая тады стаяла, — затрымаць гэтага грамадзяніна".

Што да траўмы, атрыманай супрацоўнікам міліцыі пры затрыманні, то, як адзначыў Шуневіч, "гэта вытворчая траўма, якая намі так і разглядаецца". "Траўмы будуць у любым выпадку, таму што ў нас праца такая спецыфічная, якая спалучаная нярэдка з агрэсіўнымі паводзінамі і процідзеяннем тым, хто парушае наўмысна закон", — дадаў кіраўнік МУС.

На пытанне БелаПАН, чаму малады чалавек, які супраціўляўся міліцыі пры затрыманні, цяпер адпушчаны дадому, Шуневіч адказаў: "Гэтае рашэнне не наша. Рашэнні па такіх матэрыялах прымае суд. Мы толькі затрымліваем і складаем пратакол".

Інцыдэнт у мінскім метро здарыўся ўначы 27 мая. У інтэрнэце з'явілася відэа, як чацвёра супрацоўнікаў міліцыі з выкарыстаннем сілавых прыёмаў жорстка затрымлівалі маладога чалавека.

Паводле інфармацыі ГУУС, 27 мая ў 1.16 супрацоўніку УУС па ахове Мінскага метрапалітэна паступіла інфармацыя пра хуліганскія паводзіны маладога чалавека на станцыі метро "Кастрычніцкая". "Па ўсіх прыкметах, той быў у стане алкагольнага ап'янення: неадэкватныя паводзіны, хісткая паходка, у навакольным становішчы арыентаваўся слаба. Міліцыянер спыніў маладога чалавека, назваўся і папрасіў пакінуць метрапалітэн, бо праезд у метро ў стане алкагольнага ап'янення забаронены", — гаварылася ў паведамленні.

Згодна з версіяй ГУУС, супрацоўнік міліцыі і хлопец падняліся ў вестыбюль, аднак пакінуць станцыю падазраваны катэгарычна адмовіўся, нягледзячы на неаднаразовыя патрабаванні, і аказаў актыўны фізічны супраціў, прычыніўшы міліцыянеру цялесныя пашкоджанні (закрыты пералом касцей носа). Правапарушальнік быў затрыманы і дастаўлены ў пакой міліцыі, а затым — у аддзяленне таксікалогіі бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. "Першапачаткова яму быў пастаўлены дыягназ "алкагольнае ап'яненне, наркатычнае атручэнне", затым дыягназ удакладнілі — "алкагольнае атручэнне", — паведамляла прэс-служба.

У дачыненні да затрыманага Цэнтральным раённым аддзелам Следчага камітэта была распачатая справа на падставе арт. 364 КК (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). Пазней стала вядома, што малады чалавек адпушчаны дамоў.

Паведамлялася таксама, што затрыманы — ураджэнец Мінска 1998 года нараджэння, раней неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці: за дробнае хуліганства, распіванне спіртных напояў/знаходжанне ў нецвярозым стане ў грамадскім месцы, дробны крадзеж, парушэнне абавязкаў па воінскім уліку. Малады чалавек знаходзіцца на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі Кастрычніцкага РУУС сталіцы.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН