Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/31/905603_12345/
Дата раздрукоўкі: 03.06.2020 13:02
31.05.2017 17:26 Эканоміка, Фінансы

Нацбанк зніжае стаўку рэфінансавання да 13% гадавых

Мінск, 31 мая. Праўленне Нацыянальнага банка Беларусі прыняло рашэнне аб зніжэнні з 14 чэрвеня стаўкі рэфінансавання з 14 да 13% гадавых, ставак па пастаянна даступных і двухбаковых аперацыях падтрымкі ліквіднасці банкаў — з 17 да 15% гадавых, а таксама ставак па пастаянна даступных аперацыях вымання ліквіднасці — з 9 да 8% гадавых.

Як паведамляе прэс-служба Нацбанка, гэтыя рашэнні ў галіне працэнтнай палітыкі прымаліся "з улікам назіраных станоўчых тэндэнцый у эканоміцы, павышэння яе знешняй устойлівасці, умацавання стабільнасці ў грашова-крэдытнай сферы".

Паводле ацэнак рэгулятара, захоўваецца тэндэнцыя запаволення інфляцыі больш значнымі тэмпамі, чым чакалася. У красавіку ў гадавым вымярэнні прырост спажывецкіх цэн склаў 6,3%, базавая інфляцыя — 6% супраць 10,6 і 10% у снежні 2016 года адпаведна. Чакаецца, што ў найбліжэйшыя месяцы прырост спажывецкіх цэн захаваецца на ўзроўні ледзь вышэйшым за 6% у гадавым выражэнні.

Тэмпы росту грашовай прапановы застаюцца памяркоўнымі. Паводле ацэнкі, у маі прырост сярэдняй шырокай грашовай масы складзе каля 5% у гадавым выражэнні. Узмацняецца станоўчая тэндэнцыя павелічэння долі рублёвага складніка грашовай масы.

Захоўваецца спрыяльная сітуацыя на валютным рынку. Чыстая прапанова замежнай валюты забяспечвае ўстойлівасць абменнага курсу беларускага рубля і дазваляе Нацбанку купляць валюту для папаўнення золатавалютных рэзерваў ва ўмовах пагашэння дзяржаўных валютных абавязацельстваў.

На думку Нацбанка, павышаецца знешняя ўстойлівасць эканомікі. Фарміраванне ў студзені—сакавіку 2017 года дадатнага знешнегандлёвага сальда (0,2 млрд долараў ЗША) спрыяла зніжэнню дэфіцыту рахунку бягучых аперацый плацежнага балансу да 0,9 млрд долараў ЗША супраць 1,5 млрд долараў ЗША ў студзені—сакавіку 2016 года.

"Магчымасці далейшага зніжэння Нацыянальным банкам працэнтных ставак будуць вызначацца замацаваннем станоўчых трэндаў у эканоміцы і манетарнай сферы, а таксама станам плацежнага балансу", — гаворыцца ў паведамленні галоўнага банка краіны.

Нагадаем, у першым квартале з мэтай зніжэння кошту крэдытных рэсурсаў Нацбанк чатыры разы зніжаў стаўку рэфінансавання кожны раз на адзін працэнт: з 18 студзеня — да 17%, з 15 лютага — да 16%, з 15 сакавіка — да 15% і з 19 красавіка да 14% гадавых.

У бягучым годзе, паводле афіцыйнага прагнозу рэгулятара, інфляцыя знізіцца да 9%, а стаўка рэфінансавання — да 14%.

У 2016 годзе Нацбанк зніжаў стаўку рэфінансавання чатыры разы: з 25% у пачатку года да 18% у жніўні.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239