Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/06/01/905665_558899/
Дата раздрукоўкі: 26.02.2020 17:39
01.06.2017 10:36 Палітыка, Грамадства

Аляксандр Косінец на пасадзе памочніка прэзідэнта будзе займацца стратэгічнымі праектамі

Мінск, 1 чэрвеня. Прызначаны 30 мая на пасаду памочніка прэзідэнта Аляксандр Косінец будзе займацца стратэгічнымі праектамі. Гэта прадугледжана ўказам ад 30 мая № 194, апублікаваным на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Дакумент уносіць змены ва ўказ ад 13 лютага № 40 "Аб аптымізацыі Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь", якім зацверджаная новая структура органа.

Так, скасоўваецца пасада памочніка прэзідэнта па пытаннях заканадаўчай і судовай дзейнасці. Пры гэтым у функцыі памочніка прэзідэнта па агульных пытаннях ўключаюцца такія, як кантроль за рэалізацыяй стратэгічных праектаў у адпаведнасці з даручэннямі прэзідэнта, маніторынг сітуацыі і інфармаванне пра ход выканання Нацыянальнай акадэміяй навук дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў і інавацыйнага развіцця, а таксама пра вынікі камерцыялізацыі навуковых распрацовак, унясенне кіраўніку дзяржавы прапаноў, скіраваных на эфектыўную рэалізацыю стратэгічных праектаў, узаемадзеянне па пытаннях іх рэалізацыі з урадам, НАНБ, рэспубліканскімі органамі дзяржкіравання, мясцовымі органамі ўлады.

Указ увайшоў у сілу з дня падпісання.

Аляксандр Косінец нарадзіўся ў 1959 годзе ў вёсцы Роскі Сялец Аршанскага раёна Віцебскай вобласці. У 1982 годзе скончыў Віцебскі дзяржаўны медыцынскі інстытут. З 1980 па 1994 гады — клінічны ардынатар, асістэнт, дацэнт кафедры шпітальнай хірургіі Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута. З 1995-га па 1997 год узначальваў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр "Інфекцыя і хірургія". З 1997 па 2005 гады — рэктар Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. З 2005-га па 2008 год — намеснік прэм'ер-міністра Беларусі. З 24 лістапада 2008 года па 27 снежня 2014 года — старшыня Віцебскага аблвыканкама.

З 27 снежня 2014 года па 5 снежня 2016-га Косінец узначальваў Адміністрацыю прэзідэнта. Ад гэтай пасады быў вызвалены згодна з указам прэзідэнта "ў сувязі з пераходам на іншую працу".
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН