Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/06/01/905670_589647/
Дата раздрукоўкі: 20.02.2020 05:36
01.06.2017 11:42 Эканоміка, Фінансы

Уводзіцца маркіроўка кантрольнымі знакамі вадкасцяў для электронных цыгарэт

Мінск, 1 чэрвеня. 16 чэрвеня ў Беларусі ўводзіцца маркіроўка кантрольнымі знакамі вадкасцяў для электронных цыгарэт. Гэта прадугледжана пастановай Міністэрства па падатках і зборах № 7 ад 2 мая, паведамляе МПЗ.

Як адзначылі ў міністэрстве, маркіроўка кантрольнымі (ідэнтыфікацыйнымі) знакамі ўводзіцца для вадкасцяў, якія выкарыстоўваюцца ў электронных сістэмах курэння і класіфікуюцца кодам 3824 99 адзінай Таварнай наменклатуры знешнеэканамічнай дзейнасці Еўразійскага эканамічнага саюза.

Пастановай прадугледжана, што кантрольны (ідэнтыфікацыйны) знак наносіцца на любое месца паверхні спажывецкай упакоўкі.

Сістэма маркіроўкі асобных тавараў была ўведзеная ў 2005 годзе. На сёння ў пераліку тавараў, што падлягаюць маркіроўцы кантрольнымі знакамі ў Беларусі, — 21 пазіцыя (піва, воды, сокі, ікра, мыйныя сродкі, камп'ютары, тэлевізары, гадзіннікі, мабільныя тэлефоны і інш.).

Як паведаміў летам 2016 года дырэктар дэпартамента дзяржаўных знакаў Міністэрства фінансаў Сяргей Кіслухін, Беларусь у найбліжэйшай перспектыве не плануе адмаўляцца ад сістэмы маркіроўкі некаторых спажывецкіх тавараў кантрольнымі (ідэнтыфікацыйнымі) знакамі. "Кантрольны знак з'яўляецца знакам легальнасці рэалізацыі тавару, гарантуе, што былі выплачаныя ўсе падаткі і зборы", — адзначыў ён.

Сістэма маркіроўкі асобных тавараў даказала сваю эфектыўнасць, заявіў чыноўнік. Паводле звестак МПЗ, дадаў ён, калі кантрольныя знакі сталі наносіць на піва, яго афіцыйны імпарт з Расіі вырас ў 8-9 разоў, а легальная рэалізацыя сокаў пасля ўвядзення маркіроўкі павялічылася ў 3,2 разу.

20 сакавіка 2016 года ў Беларусі была таксама ўведзеная маркіроўка вырабаў з натуральнага футра кантрольнымі (ідэнтыфікацыйнымі) знакамі з выкарыстаннем функцыянальных бескантактных і абароненых радыёчастотных метак (RFID-метак). Адпаведная пастанова Савета міністраў ад 11 лютага 2016 года № 115, як паведаміла прэс-служба ўрада, "скіраваная на ўзмацненне кантролю за ўвозам, перамяшчэннем, захоўваннем адзення з натуральнага футра, а таксама прадухіленне ўцягвання ў ценявы абарот такіх вырабаў".
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН