Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/06/02/905873_12345/
Дата раздрукоўкі: 26.02.2020 17:12
02.06.2017 09:33 Грамадства

УБЭЗ ГУУС паведаміла пра раскрыццё буйной карупцыйнай схемы з удзелам былога чыноўніка Адміністрацыі прэзідэнта

Мінск, 2 чэрвеня. Упраўленне па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі ГУУС Мінгарвыканкама паведаміла пра раскрыццё буйной карупцыйнай схемы. Інфармацыя размешчаная на сайце ГУУС 1 чэрвеня, хоць гаворка ў ёй ідзе пра падзеі двухгадовай даўніны.

Паведамляецца, што 31 ліпеня 2015 года паводле падазрэння ў хабарніцтве супрацоўнікамі УБЭЗ сумесна са спецпадраздзяленнем "Алмаз" былі затрыманыя выканаўца абавязкаў першага намесніка начальніка галоўнага гаспадарчага ўпраўлення (ГГУ) Упраўлення справамі прэзідэнта Беларусі Уладзімір Раянтовіч і яго былая жонка, а таксама заснавальнікі ТАА "ПКБ- плюс" Аляксандр Пікулік і Рыгор Вецер.

"Аператыўнікі ўстанавілі, што з 2013 года па 2015 год Пікулік і Вецер групай асоб па папярэдняй змове перадалі Раянтовічу хабараў на агульную суму каля 100 мільёнаў недэнамінаваных беларускіх рублёў, што пацягнула за сабой прычыненне істотнай шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам. Грошы Раянтовіч наўпрост не браў, дзейнічаў праз свайго пасярэдніка — былую жонку", — паведамляе ГУУС.

Паводле інфармацыі намесніка начальніка ўпраўлення Аляксандра Макарука, хабары перадаваліся за заключэнне дагавораў будаўнічага падраду паміж ГГУ "ПКБ-Плюс", за падпісанне па гэтых дагаворах актаў і даведак аб кошце выкананых работ і своечасовую аплату са сродкаў рэспубліканскага бюджэту, а таксама за забеспячэнне перамогі "ПКБ-Плюс" у працэдурах дзяржзакупак. У дачыненні да Раянтовіча, Пікуліка і Ветра упраўленнем СК па Мінску было распачата 14 крымінальных спраў.

У жніўні 2015 года Раянтовіч быў арыштаваны сталічнай пракуратурай Мінска. У лістападзе таго ж года ў рамках расследавання справы быў выяўлены яшчэ адзін факт атрымання ім хабару на агульную суму больш за 1 млрд недэнамінаваных рублёў. На гэты раз грашовыя сродкі былі перададзеныя дырэктарам аднаго са сталічных ТДА за арганізацыю заключэння і выканання дзяржкантракта на выкананне работ па мадэрнізацыі будынкаў рэспубліканскай уласнасці ГГУ, падпісанне актаў выкананых работ і своечасовую аплату са сродкаў рэспубліканскага бюджэту.

У снежні 2016-га суд Мінскага раёна прызнаў Раянтовіча вінаватым у перавышэнні ўлады або службовых паўнамоцтваў і атрыманні хабару і прысудзіў чыноўніка да дзевяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй усёй маёмасці, пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, на пяць гадоў і штрафам у памеры 1 тыс. базавых велічынь. З яго таксама пастаноўлена спагнаць у даход дзяржавы больш за 110.000 рублёў.

Былая жонка Раянтовіча прызнаная вінаватай у пасярэдніцтве ў хабарніцтве і прыгавораная да чатырох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.

Пікулік і Вецер асуджаныя за дачу хабару на тры гады і чатыры гады абмежавання волі адпаведна без накіравання ў папраўчую ўстанову.

У 2017 годзе на рашэнне суда была пададзеная апеляцыйная скарга, якую Мінскі абласны суд разгледзеў 17 мая, паведамляе сайт ГУУС. Вынесенае рашэнне пакінуць усё без змен за выключэннем пакарання для былой жонкі — яна прыгавораная да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады на пяць гадоў.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН