Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/06/02/905901_12345/
Дата раздрукоўкі: 21.09.2020 02:47
02.06.2017 10:35 Эканоміка, Палітыка

Кіраўнік пасольства ЗША: Доўгатэрміновым інвестарам патрэбныя дакладныя правілы працы

Мінск, 2 чэрвеня. Для прыцягнення доўгатэрміновых інвестараў Беларусі неабходна паляпшаць свой імідж. Такое меркаванне выказаў часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Роберт Райлі, выступаючы 2 чэрвеня ў Мінску на міжнароднай канферэнцыі "Эканамічная бяспека ў глабалізаваным свеце".
Паводле яго слоў, у замежнікаў, якія прыязджаюць у Беларусь, ужо ёсць нейкае ўяўленне пра краіну, складзенае на аснове яе іміджу. "І гэты імідж не вельмі пазітыўны, — заўважыў Райлі. — Патрэбныя перамены, таму што інвестары шукаюць пэўныя рэчы. Доўгатэрміновым інвестарам патрэбныя вяршэнства закона і дакладныя правілы работы".

Паводле слоў амерыканскага дыпламата, прадстаўнікі МЗС і Міністэрства фінансаў Беларусі, з якім ён сустракаўся, разумеюць неабходнасць пераменаў у краіне, паляпшэння яе іміджу, і працуюць над гэтым.

"Ні нямецкі, ні амерыканскі ўрад не будуць займацца тым, каб прывозіць інвестараў у Беларусь. Мы можам толькі дапамагчы, але нам патрэбныя інструменты для гэтага. Мы працуем з МЗС і іншымі ведамствамі, каб кожны дзень адкрываць прывабнасць краіны", — сказаў Райлі.

Ён падкрэсліў, што інвестары могуць таксама ўзмацніць і эканамічную бяспеку краіны. "Калі вы хочаце быць сапраўды незалежнымі, вам трэба працаваць над эканамічнай бяспекай краіны. Будучы эканамічна залежным ад кагосьці, вы будзеце залежныя і ва ўсіх астатніх сэнсах. 30-гадовы чалавек, які атрымлівае грошы ад бацькоў, не можа гаварыць, што ён незалежны. Гэтак жа сама гэта тычыцца і краін", — дадаў кіраўнік дыпмісіі ЗША ў Беларусі.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239